Францішак за абмен паміж пакаленнямі ў манаскіх кангрэгацыях
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Важная рыса манахіні, лічыць Францішак, – заставацца жанчынай Слова: Як Марыя. “Яна – жанчына Слова, яна – вучаніца. Гледзячы на Яе, а таксама размаўляючы з Ёю ў малітве, можна заўсёды нанова пазнаваць, што значыць быць “жанчынамі Слова”, - сказаў Пантыфік. Ён з жалем заўважыў, што сёння хапае “жанчын камп'ютэра, жанчын тэлефона, жанчын парадку дня”, і ўсё менш “жанчын Слова”.
Папа лічыць, што ўнутры манаскіх кангрэгацый важную ролю адыгрывае абмен паміж пакаленнямі. “Пажылыя павінны быць для маладых сведкамі захаплення, якое не змяншаецца, удзячнасці, якая развіваецца з узростам, прыняцця Слова, якое становіцца ўсё больш і больш поўным, канкрэтным, увасобленым у жыццё”, - перакананы ён.
Францішак папрасіў манахінь не забывацца пра сведчанне сваёй заснавальніцы Магдалены з Каносы, якая “адчувала пакліканне цалкам аддаць сябе Богу, але ў той жа час мела перакананне, што павінна быць блізка да бедных”. “Яе жыццё было “прыстасаванае” да святасці Хрыста, на ўзор Марыі, у канкрэтнай місійнай форме, прадыктаванай рэчаіснасцю, у якой яна жыла”, - заўважыў ён.
“Дарагія сёстры, вы хочаце сёння “пераналадзіць” сябе ў адпаведнасці з гэтай формай жыцця. А сакрэт заўсёды адзін: дазволіць Духу Святому весці сябе па шляху любові да Бога і бедных. Але трэба зрабіць гэта “сёння”: гаворка ідзе пра сённяшні дзень Касцёла, сённяшні дзень грамадства, дакладней, розных грамадстваў, у якіх вы прысутнічаеце. З тымі сітуацыямі беднасці, з тымі тварамі, якія просяць блізкасці, спагады і пяшчоты”, - звярнуў увагу сваіх госцей Францішак.