Пантыфік: Бог не дапускае, каб хоць адна сляза пралілася марна
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Вітаючы жыхароў горада на катэдральнай плошчы, Святы Айцец падкрэсліў, што рэканструкцыя заўсёды павінна спалучаць розныя элементы: духоўны, культурны, грамадскі і касцёльны.
13 гадоў таму Л'Аквіла пацярпела ад катастрафічнага землятрусу. У выніку гістарычная забудова горада была амаль цалкам разбурана, загінулі 308 чалавек, каля 1,5 тысячы атрымалі раненні.
Вітаючы сем’і ахвяр катастрафічнага землятрусу, Францішак падзякаваў ім за сведчанне веры. “Нягледзячы на боль і дылемы, якія належаць нашай веры як пілігрымаў, вы засяродзілі свой погляд на ўкрыжаваным і ўваскрослым Хрысце, Які сваёй любоўю адкупіў боль і смерць ад бессэнсоўнасці. І Езус вярнуў вас у абдымкі Айца, Які не дапускае, каб хоць адна сляза пралілася марна, нават адна! Але збірае іх усе ў сваім міласэрным сэрцы”, - падкрэсліў Пантыфік.
“Дзякую за вашу руплівасць у стварэнні Капліцы Памяці. Памяць – гэта сіла народа, і калі гэтая памяць асветлена верай, народ не застаецца вязнем мінулага, але крочыць у сучаснасці, гледзячы ў будучыню, заўсёды застаючыся прывязаным да сваіх каранёў і шануючы мінулы досвед, добры і дрэнны”, - заўважыў Папа.
Сярод сабраных на плошчы былі сваякі ахвяр разбуральнага землятрусу, які абрынуўся на горад 6 красавіка 2009 года, прычыніўшы вялікую шкоду і забраўшы вялікую колькасць жыццяў.