Францішак у ахоўным шлеме падчас наведвання катэдры, пашкоджанай землятрусам 2009 годзе ў Аквіле Францішак у ахоўным шлеме падчас наведвання катэдры, пашкоджанай землятрусам 2009 годзе ў Аквіле 

Пантыфік: Бог не дапускае, каб хоць адна сляза пралілася марна

“Вы, жыхары Л'Аквілы, праявілі стойкасць. Укаранёная ў вашай хрысціянскай і грамадзянскай традыцыі, яна дазволіла вам перажыць наступствы землятрусу і неадкладна пачаць адважную і цярплівую аднаўленчую працу”, - звярнуўся Папа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Вітаючы жыхароў горада на катэдральнай плошчы, Святы Айцец падкрэсліў, што рэканструкцыя заўсёды павінна спалучаць розныя элементы: духоўны, культурны, грамадскі і касцёльны.

13 гадоў таму Л'Аквіла пацярпела ад катастрафічнага землятрусу. У выніку гістарычная забудова горада была амаль цалкам разбурана, загінулі 308 чалавек, каля 1,5 тысячы атрымалі раненні.

Вітаючы сем’і ахвяр катастрафічнага землятрусу, Францішак падзякаваў ім за сведчанне веры. “Нягледзячы на боль і дылемы, якія належаць нашай веры як пілігрымаў, вы засяродзілі свой погляд на ўкрыжаваным і ўваскрослым Хрысце, Які сваёй любоўю адкупіў боль і смерць ад бессэнсоўнасці. І Езус вярнуў вас у абдымкі Айца, Які не дапускае, каб хоць адна сляза пралілася марна, нават адна! Але збірае іх усе ў сваім міласэрным сэрцы”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Дзякую за вашу руплівасць у стварэнні Капліцы Памяці. Памяць – гэта сіла народа, і калі гэтая памяць асветлена верай, народ не застаецца вязнем мінулага, але крочыць у сучаснасці, гледзячы ў будучыню, заўсёды застаючыся прывязаным да сваіх каранёў і шануючы мінулы досвед, добры і дрэнны”, - заўважыў Папа.

Сярод сабраных на плошчы былі сваякі ахвяр разбуральнага землятрусу, які абрынуўся на горад 6 красавіка 2009 года, прычыніўшы вялікую шкоду і забраўшы вялікую колькасць жыццяў.
 

28 жніўня 2022, 13:16