Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік да еўрапейскай моладзі: не ўцякайце ад рэчаіснасці

Cэрца чалавека заўсёды жыве прагай бясконцасці, нават пакаленне, якое вырасла на інфармацыйных тэхналогіях, ставіць вялікія пытанні ўсіх часоў, - адзначыў Папа, сустракаючыся з еўрапейскай моладдзю.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

5 жніўня 2022 года ў Ватыкан завіталі ўдзельнікі летняга лагера Alpha, арганізаванага ў італьянскім рэгіёне Малізэ.

У пачатку сваёй прамовы Францішак згадаў сваё нядаўняе падарожжа ў Канаду і прызнаўся, што гледзячы на сваіх гасцей, думае пра падрастаючае пакаленне карэнных народаў. “Вы такія розныя, але і такія падобныя, я б сказаў больш: такія роўныя. Роўныя ў сэнсе чалавечнасці, у тым, што вызначае нашу чалавечую істоту: у адносінах з Богам, з іншымі, са стварэннем і з самімі сабой у свабодзе, у бескарыслівасці, у дарэнні сябе. Гэтыя адносіны выражаюць “незавершанасць”, жаданне паўнаты, паўнаты жыцця, радасці, сэнсу. І гэтай паўнатой ёсць Езус Хрыстус”, - адзначыў Святы Айцец.

Папа спаслаўся на назву летняга лагера: “Alpha з'яўляецца сінонімам нараджэння, пачатку, світання жыцця... Хрыстус ёсць Альфа – пачатак, і Ён таксама Амега – канец, выкананне, паўната. Такім чынам, з Хрыстом гэты мікракосм, якім з’яўляецца чалавек, можа быць выратаваны ад бездані смерці і негатыву і можа ўвайсці ў прывабнасць Бога, жыцця і любові. У спалучэнні з Езусам кожны з нас становіцца зернем, якому наканавана прарасці, расці і прыносіць плён. Але мы павінны ісці за Збаўцам!”.

Францішак заклікаў маладых людзей сказаць “не” эгаізму і эгацэнтрычнасці, пажадаў ім быць самімі сабой – жыць сапраўднай пакорай, “перад абліччам зла, якое ў нас і вакол нас, не ўцякаць ад рэчаіснасці, не замыкацца ў сабе, беручы на сябе сваю частку адказнасці – “свой крыж”, як кажа Езус – несучы яго з любоўю, з радасцю”. Прычым, рабіць гэта трэба не ў адзіночку, але з Хрыстом.

Толькі так, звярнуў увагу Папа, чалавек можа знайсці душэўны спакой і бяспеку: “мы з Езусам, Які ведае нас і любіць больш, чым мы самі, жадаючы для кожнага з нас першапачатковай паўнаты, унікальнай для кожнага”.

На заканчэнне сустрэчы Святы Айцец пажадаў моладзі пасябраваць з Хрыстом і ўзяць Яго ў свае спадарожнікі па жыцці.
 

05 жніўня 2022, 12:15