Папа да моладзі Équipe Notre-Dame: вучыцеся гуляць у камандзе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Быць часткай супольнасці, сям’і сем’яў, якая перадае жывую веру, – вялікі дар!”, - звярнуў увагу сваіх гасцей Францішак. “Мы ўсе ўзаемазвязаны, каб навучыцца аб'ядноўвацца. Бог хацеў увайсці ў гэту дынаміку адносін і прыцягвае нас да сябе ў супольнасці, даючы нашаму жыццю поўнае пачуццё тоеснасці і прыналежнасці”, - дадаў ён.
Папа папрасіў моладзь: “Не дазваляйце свету прымушаць вас думаць, што лепш ісці аднаму”. “У адзіноце вы, магчыма, можаце дасягнуць нейкага поспеху, але без любові, без супольнасці, без прыналежнасці да народа, без бясцэннага вопыту, які заключаецца ў тым, каб марыць разам, рызыкаваць разам, пакутаваць разам і разам святкаваць”, - заўважыў ён.
“Не бойцеся адкрывацца, рызыкаваць; і не бойся іншых. Гэта праўда, што ёсць здзекі, гвалт, хлусня, здрада, але – паверце – праблема не ў абароне сябе ад іншых; клопатам павінна быць абарона ахвяр. (...) У гэты віртуальны век, што спрыяе адзіноце, у якую трапляюць многія вашы аднагодкі, вы вырашылі расці як каманда. Наперад, будуйце масты, гуляйце ў камандзе!”, - заклікаў Пантыфік маладых людзей.
Ён спаслаўся на другое слова ў назве руху – Notre-Dame, і заўважыў, што “прымаючы Марыю, Маці, у сваё жыццё, мы ніколі не губляем з поля зроку цэнтру, якім з’яўляецца Езус”. І гэта адбываецца таму, што “Марыя заўсёды паказвае не на сябе, але на Езуса і на братоў”.
“Вам будзе карысна часта думаць пра словы Езуса, сказаныя на крыжы, калі Ён звярнуўся да Яна: “Вось Маці твая!” (Ян 19, 27). Услухайцеся ў гэтыя словы ў сваім сэрцы і пачуйце іх, звярніце іх кожны да сябе. І менавіта так: Езус даў сваю Маці як Маці кожнага вучня. (...) Мы можам даверыць сябе Ёй з даверам дзіцяці, беднага, простага чалавека, які ведае, што яго Маці побач, з клопатам і пяшчотай”, - адзначыў Святы Айцец.
Ён заахвоціў моладзь “жыць у штодзённым даручэнні сябе Панне Марыі”. “Яна дапаможа вам расці як камандзе, дзяліцца атрыманымі дарамі ў духу дыялогу і ўзаемнага прыняцця. Багародзіца дапаможа вам мець шчодрае сэрца, адкрыць для сябе радасць бескарыслівага служэння, як сама яна зрабіла, калі пайшла да святой Альжбеты”, - сказаў Францішак.
Папа лічыць, што “будучыня за моладдзю”. “Але будзьце ўважлівымі! Будзьце маладымі людзьмі з дзвюма якасцямі: з крыламі і з каранямі. Крылы, каб лятаць, марыць, ствараць; і карані, каб атрымаць ад старэйшых мудрасць, якую яны прапануюць вам”, - заўважыў ён.
Напрыканцы Пантыфік звярнуўся да дарослых чальцоў Équipes Notre-Dame. “Думаю, што для вас вялікая радасць вітаць і суправаджаць гэтых маладых людзей. Будзьце для іх сведкамі, якія маюць у сабе пакору і прастату. Сведкамі любові да Хрыста і Касцёла, сведкамі слухання і дыялогу, сведкамі бескарыслівага і шчодрага служэння, сведкамі малітвы”, - пажадаў Францішак.
Суполкі Маці Божай Equipes Notre-Dame – міжнародны рух сужэнскай духоўнасці, галоўная мэта якога – спрыянне хрысціянскім сем’ям на шляху да святасці і дапамога ва ўзрастанні ў любові і веры.