Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік перад візітам у Аквілу: прабачэнне – зброя супраць вайны

Прабачэнне будзе адной з галоўных тэм падарожжа Святога Айца ў італьянскі горад Аквіла, сталіцу вобласці Абруца. Францішак наведае яго з аднадзённым візітам 28 жніўня 2022 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У мясцовай базыліцы Санта-Марыя-дзі-Колемаджа Папа здзейсніў урачыстае адкрыццё Святых дзвярэй, даючы пачатак 728-му Цэлестынскаму прабачэнню. У 1294 годзе Цэлестын V – першы ў гісторыі Касцёла Пантыфік, які адрокся ад Пасаду святога Пятра – абвясціў адпуст для вернікаў, якія шчыра пакаюцца і паспавядаюцца ў гэтай базыліцы з нагоды літургічнага ўспаміну мучаніцтва святога Яна Хрысціцеля.

Напярэдадні свайго візіту Францішак даў інтэрв’ю мясцовай газеце Il Centro, у якім выказаў салідарнасць з насельніцтвам Аквілы, якое пацярпела ад землятрусу ў 2009 годзе, і дагэтуль чакае адбудовы некаторых гарадскіх структур.

Папа падкрэсліў, што Цэлестын V пакінуў Касцёлу важнае пасланне пра тое, што пакора, любоў, блізкасць, прабачэнне і міласэрнасць – гэта найлепшы спосаб абвяшчэння Евангелля. Спасылаючыся на трагедыю землятрусу, якую перажылі жыхары Аквілы, Пантыфік нагадаў, што ніхто не застрахаваны ад цяжкіх выпрабаванняў і нават Езус адчуваў сябе самотным і пераможаным, але Ён навучыў нас, што менавіта ў тыя моманты, калі ўсё здаецца згубленым, можна спадзявацца на Нябеснага Айца.

Святы Айцец звязаў свята Цэлестынскага прабачэння з тэмай вайны ва Украіне, чарговы раз падкрэсліваючы, што “зло перамагаецца не злом, а толькі дабром” і “трэба больш сілы, каб прабачыць, чым каб развязаць вайну”. У той жа час прабачэнне патрабуе “вялікай унутранай і культурнай сталасці”, - дадаў Францішак, заклікаючы ўсіх “узрошчваць культуру міра, якая праходзіць менавіта праз выспяванне магчымага прабачэння”. “Прабачэнне – адзіная дапушчальная зброя супраць вайны”, - сцвердзіў Папа.

Францішак таксама адказаў на пытанне пра беднасць, робячы адрозненне паміж беднасцю як вынікам несправядлівасці і “евангельскай беднасцю, якая азначае свабоду ад валодання”. “Першую можна перамагчы справядлівасцю і салідарнасцю, а другую выбіраюць як шлях, які дазволіць адчуць сапраўдны супакой”, - запэўніў Святы Айцец.
 

27 жніўня 2022, 12:26