Святы Айцец сустрэўся з пілігрымамі італьянскай дыяцэзіі Лодзі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак скіраваў словы да італьянскіх сем’яў і заклікаў дарослых перадаваць веру дзецям “праз простае і перакананае, шчырае сведчанне”. “Мы добра ведаем, што сёння свет змяніўся, сапраўды, ён пастаянна змяняецца. Трэба шукаць новыя шляхі, новыя метады, новыя мовы. Галоўны шлях, аднак, застаецца нязменным: шлях сведчання, жыцця, сфарміраванага на Евангеллі”, - адзначыў ён.
Папа спаслаўся на Сінадальны шлях, які працягваецца ў Касцёле, заклікаючы пілігрымаў з італьянскай дыяцэзіі “крочыць разам, слухаючы адно аднаго”, і рабіць гэта “пад кіраўніцтвам Духа Святога, Які стварае гармонію і еднасць з разнастайнасці”.
Рэгіён, дзе размешчана дыяцэзія Лодзі, моцна пацярпеў ад пандэміі. Пантыфік заклікаў глыбока прааналізаваць тое, што адбылося і “не грэбаваць сур'ёзнай праверкай на ўсіх узроўнях”. “Сёння вы даяце знак супольнасці, якая хоча пачаць усё зноўку разам, шануючы вопыт, шануючы таленты, якія праявіліся ў самыя цяжкія хвіліны выпрабаванняў”, - заўважыў Пантыфік.