Францішак падчас сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім Францішак падчас сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім 

Тэлефонная размова Папы з Зяленскім – трэцяя з пачатку вайны

12 жніўня 2022 года Папа правёў тэлефонную размову з Прэзідэнтам Украіны. З пачатку вайны яна стала ўжо трэцяй і адбылася ў кантэксце салідарнасці Францішка з украінскім народам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Правёў размову з папам Францішкам. Паінфармаваў аб агрэсіі, якую РФ здзяйсняе супраць Украіны, аб страшных злачынствах Расіі. Мы ўдзячныя Пантыфіку за малітвы за Украіну. Наш народ мае патрэбу ў падтрымцы сусветных духоўных лідараў, якія павінны даносіць свету праўду аб жахах, што здзяйсняюцца агрэсарам ва Украіне", - адзначыў Уладзімір Зяленскі.

“Дзякуючы за малітву і гуманітарную падтрымку, Прэзідэнт яшчэ раз пацвердзіў, што ўлады і грамадства Украіны з радасцю прымуць Святога Айца на сваёй Радзіме, спадзеючыся, што прысутнасць Папы на пакутнай украінскай зямлі можа дапамагчы спыніць вайну і прынесці мір”, - напісаў у Twitter пасол Украіны пры Апостальскай Сталіцы Андрэй Юраш.

6 жніўня 2022 года дыпламат сустракаўся з Святым Айцом у Ватыкане і абмяркоўваў, у прыватнасці, магчымы візіт Пантыфіка ва Украіну перад яго паездкай у Казахстан у верасні.

У красавіку Зяленскі заявіў аб важнасці візіту Папы ва Украіну. “Яго Святасці давярае вялікая колькасць людзей, і яго місія – ад Бога”, - казаў ён падчас прэс-канферэнцыі для міжнародных і ўкраінскіх СМІ у Кіеве.

Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на тым, што Украіна ўдзячна Святому Пасаду і асабіста Папу за падтрымку – у сваіх выступленнях на розных мерапрыемствах ён падтрымлівае Украіну і асуджае расійскую агрэсію.

Падчас той сустрэчы з журналістамі Зяленскі таксама ўзгадаў асабістую сустрэчу з Францішкам у Ватыкане, падчас якой яны абмяркоўвалі гісторыю ўкраінскага ваеннага Віталя Марківа. “І ён дапамагаў, як мог. І мы вярнулі нашага вайскоўца. Бо трэба змагацца за кожнага чалавека”, - прызнаўся Прэзідэнт Украіны.

З самага пачатку вайны амаль падчас кожнага публічнага выступлення з вуснаў Папы гучыць слова “Украіна”. Таксама і на апошняй агульнай аўдыенцыі, 10 жніўня 2022 года, Францішак казаў пра тое, што адбываецца ва Украіне, маючы на ўвазе простых людзей, і тых, якія засталіся, і тых, што былі вымушаны эміграваць. Пантыфік на працягу гэтых месяцаў рэгулярна заклікае не прывыкаць да вайны, не стамляцца рабіць дабро праз гасціннасць і салідарнасць з братамі і сёстрамі, якія сталі яе ахвярамі.
 

13 жніўня 2022, 11:13