Пантыфік: Бог заўсёды вядзе да міру, не зневажаць Яго імя нянавісцю

14 верасня 2022 года Пантыфік прыняў удзел у адкрыцці VII З’езда лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій, які распачаўся у Палацы незалежнасці ў Нур-Султане, сталіцы Казахстана.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У форуме на тэму “Роля лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій у духоўным і сацыяльным развіцці чалавецтва ў постпандэмійны перыяд” бяруць удзел вярхоўны імам Аль-Азхара Ахмад Аль-Таеб, галоўны Акшеназскі рабін Ізраіля Дадід Лаў, галоўны Сэфардскі рабін Ізраіля Іцхак Юзаф, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Валакаламскі Антоній, Патрыярх Іерусалімскі Тэафіл ІІ і іншыя рэлігійныя лідары з 50-ці краін свету.

Вітаючы ўдзельнікаў кангрэса, Францішак нагадаў, што ўсе людзі з’яўляюцца дзецьмі аднаго Бога, пілігрымамі да аднаго Неба. Ён падкрэсліў, што сэнс жыцця не можа быць зведзены да пошуку нашых асабістых выгод, але павінен быць упісаны ў братэрства, якое нас характарызуе.

Звяртаючыся да гісторыі Казахстана, Папа выказаў пажаданне, каб краіна адкрыла новы Шаўковы шлях, у аснове якога будуць не гандль, а міжасабовыя адносіны: павага, шчырасць дыялогу, незаменная каштоўнасць кожнага чалавека, супрацоўніцтва; новы шлях братэрства, каб разам ісці да міру. “Прыйшоў час абудзіцца ад фундаменталізму, які скажае і разбурае ўсе веравызнанні, прыйшоў час зрабіць сэрцы чыстымі і спагадлівымі”, - сказаў ён.

Святы Айцец падкрэсліў, што рэлігіі не з’яўляюцца праблемай, але часткай таго, што садзейнічае больш гарманічнаму жыццю ў грамадстве. “Таму нам патрэбна рэлігія, каб адказаць на прагненне міру ў свеце і прагненне бясконцасці, якое жыве ў сэрцы кожнага чалавека”, - дадаў ён, падкрэсліваючы, што рэлігійная свабода – гэта неабходная ўмова для сапраўднага чалавечага і цэласнага развіцця.

Францішак асудзіў выкарыстанне насілля для навязвання веры і падкрэсліў, што рэлігійная свабода не абмяжоўваецца толькі свабодай культу, але таксама ўключае публічнае сведчанне сваіх перакананняў. Ён перасцярог ад абмежавання рэлігіі прыватнай сферай. “Спрыянне фарміраванню ўмоў, у якіх рэлійныя, этнічныя і культурныя групы жывуць ва ўзаемнай павазе – гэта найлепшы спосаб падкрэсліць асаблівы характар кожнага чалавека, аб’яднаць людзей, не спрабуючы пры гэтым зрабіць іх аднолькавымі, садзейнічаць іх самым высокім памкненням, не стрымліваючы іх запалу”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што пандэмія, якую перажывае ўвесь свет, дазволіла нам зразумець неабходнасць салідарнасці, а рэлігіі павінны зрабіць так, каб усеагульная ўразлівасць, якая выявілася ў гэты перыяд, падштурхнула людзей дзейнічаць не так, як раней, але з большай пакорай і прадбачлівасцю. Ён таксама заклікаў будаваць адзінства.

Папа падкрэсліў выклік будавання міру, які стаіць перад вернікамі. Бог заўсёды вядзе да міру, ніколі да вайны, - сказаў ён, заклікаючы на зневажаць імя Пана нянавісцю, жорсткасцю, экстрэмізмам, тэрарызмам. “Давайце ніколі не будзем апраўдваць гвалт. Не дапусцім, каб мірское выкарыстоўвала ў сваіх карыслівых мэтах сакральнае. Сакральнае не павінна служыць апорай улады, а ўлада не павінна абапірацца на сакральнае!”, - заахвоціў Пантыфік. Ён таксама адзначыў важнасць інвеставання ў адукацыю, а не ва ўзбраенні.

Святы Айцец звярнуў увагу на патрэбу ў братэрскім прыняцці. “Адкрыем нанова мастацтва гасціннасці, прыняцця, спагады”, - заахвоціў ён, указваючы таксама на неабходнасць супрацоўніцтва ў сферы клопату пра навакольнае асяроддзе чалавека, клопату пра жыццё ва ўсіх яго формах.

“Няхай Найвышэйшы вызваліць нас ад ценю падазронасці і фальшы; няхай спашле нам здольнасць захоўваюць сяброўства ззяючым і братэрскім, з дапамогай частага дыялогу і дзякуючы светлай шчырасці намераў... Давайце не будзем імкнуцца да прытворнага прымірэнчага сінкрэтызму, але захаваем сваю тоеснасць, будучы заўсёды адкрытымі на прыняцце іншага, на братэрскую сустрэчу. Толькі так, на гэтым шляху, у цёмны час, у якім мы жывём, мы зможам выпраменьваць святло нашага Стварыцеля”, - завяршыў прамову Святы Айцец.
 

14 верасня 2022, 11:07