Прэс-канферэнцыя Францішка на борце самалёта падчас зваротнага рэйса з Нур-Султана ў Рым Прэс-канферэнцыя Францішка на борце самалёта падчас зваротнага рэйса з Нур-Султана ў Рым 

Францішак пра вайну, заняпад Захаду і кітайскі менталітэт

15 верасня 2022 года, падчас зваротнага рэйса з Нур-Султана ў Рым Папа адказаў на пытанні журналістаў, якія суправаджалі яго ў Казахстане, і вярнуўся да размовы пра вайну ва Украіне, права на абарону і гандаль зброяй.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак таксама казаў пра ролю палітыкі і Захаду ў крызісе каштоўнасцей, які пагражае ўзнікненнем і ўмацаваннем палітычнага папулізму. Ён патлумачыў, што Касцёлу патрэбны сапраўдныя душпастыры, а не душпастырскія планы.

Гаворачы аб сваіх уражаннях ад Казахстана, Пантыфік прызнаўся, што да гэтага часу мала ведаў пра Цэнтральную Азію. Ён выказаў удзячнасць за развіццё краіны, называючы яе сталіцу горадам будучыні.

Нямецкі журналіст спытаўся ў Папы, ці павінна Украіна атрымліваць зброю падчас вайны з Расіяй? Святы Айцец адзначыў, што для маральнай ацэнкі важная матывацыя тых, хто пастаўляе ўзбраенні. “Абараняць сябе – гэта не толькі законна, гэта яшчэ і праява любові да сваёй краіны”, - адзначыў ён. Францішак заклікаў да больш глыбокага разважання над канцэпцыяй справядлівай вайны. Ён падкрэсліў, што калі б на год спынілі вытворчасць зброі, можна было б вырашыць праблему голаду ў свеце...

Польская журналістка запыталася ў Святога Айца пра існаванне чырвонай лініі, за якой нельга весці дыялог з Масквой, і пра перспектывы папскага візіту ў Кіеў. “Думаю, што заўсёды цяжка зразумець вядзенне дыялогу з краінамі, якія развязалі вайну, калі здаецца, што першы крок быў адтуль. Гэта цяжка, але нельга адмаўляцца ад гэтага, трэба даць магчымасць дыялогу ўсім, кожнаму! Паколькі заўсёды ёсць магчымасць, што мы можам нешта змяніць у дыялогу, а таксама прапанаваць іншы пункт гледжання, іншы погляд. Я не выключаю дыялогу з любой уладай, незалежна ад таго, яна ваюе ці з’яўляецца агрэсарам... часам дыялог трэба весці, (...) хоць гэта і “смярдзючая справа”, але яго трэба весці”, - патлумачыў сваю пазіцыю Пантыфік.

Францішак падчас прэс-канферэнцыі
Францішак падчас прэс-канферэнцыі

Журналіст французскага каталіцкага выдання La Croix спытаў Папу аб яго ацэнцы Захаду, ці праўда, што ён маральна дэградуе, асабліва ў кантэксце дэбатаў аб эўтаназіі, якія адбываюцца ў Італіі, у Францыі і Бельгіі. “Захад пайшоў няправільным шляхам, падумайце, напрыклад, аб сацыяльнай несправядлівасці”, - адказаў Францішак, указваючы на сітуацыю з мігрантамі ў Міжземнаемор’і. Ён звярнуў увагу на “дэмаграфічную зіму” на кантыненце і падкрэсліў неабходнасць інтэграцыі мігрантаў. Пантыфік перасцярог ад небяспекі палітычнага папулізму. Ён лічыць, што трэба вярнуць каштоўнасці аб’яднанай Еўропы, каштоўнасці бацькоў-заснавальнікаў Еўрапейскага саюза.

Журналісты запыталіся ў Францішка і пра адносіны Святога Пасаду з Кітайскай Народнай Рэспублікай, а таксама пра тое, ці з’яўляецца судовы працэс над кардыналам Дзэнам парушэннем рэлігійнай свабоды? Папа падкрэсліў цяжкасці ў разуменні кітайскага менталітэту, які, аднак, трэба паважаць. У справе кардынала Дзэна Папа бачыць відавочныя “абмежаванні” свабоды выказвання. “Гэта праўда, што ёсць рэчы, якія нам падаюцца недэмакратычнымі”, - заўважыў ён, але дадаў, што трэба “не губляць цярпення” і “ісці наперад з дыялогам”.

Акрамя таго, Папу запыталі аб сітуацыі ў Нікарагуа і пераносе яго афрыканскага падарожжа. Святы Айцец не хаваў сваёй заклапочанасці сітуацыяй Касцёла ў лацінаамерыканскай краіне і выказаў надзею на хуткае вяртанне туды сясцёр Маці Тэрэзы. Ён прызнаўся, што ў лістападзе збіраецца ў Бахрэйн, а ў лютым 2023 года, магчыма, адбудзецца паездка ў Паўднёвы Судан і Дэмакратычную Рэспубліку Конга.

Падчас прэс-канферэнцыі на рэйсе з Нур-Султана ў Рым
Падчас прэс-канферэнцыі на рэйсе з Нур-Султана ў Рым

Журналіст з Германіі напрыканцы задаў пытанне аб ацэнцы Папам сітуацыі Касцёла на сваёй Радзіме. “Вам трэба быць паслядоўнымі ў веры... Калі Касцёл, які б ён ні быў, у любой краіне і ў любым сектары, больш думае пра грошы, развіццё, душпастырскія планы, а не пра само душпастырства, (...)людзей гэта не прыцягвае. (...) Я лічу, што пастыры павінны працягваць шлях, але калі яны страцілі пах авечак, а авечкі страцілі пах сваіх пастыраў, няма развіцця. (...) Людзі думаюць аб тым, як абнавіць, як зрабіць душпастырскае служэнне больш сучасным, і гэта добра, але яно заўсёды павінна быць у руках пастыра”, - падзяліўся сваім меркаваннем Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў сакрамэнтальны характар заснаванага Хрыстом Касцёла і неабходнасць цеснага кантакту паміж святарамі і вернікамі. “Справа не ў мадэрнізацыі: вядома, трэба абнаўляць метады, гэта праўда, але калі не хапае сэрца пастыра, тады няма пастырскай працы”, - сказаў Папа, адказваючы на апошняе пытанне традыцыйнай прэс-канферэнцыі на борце самалёта.
 

16 верасня 2022, 10:38