Францішак: роля мастацтва – выклікаць сузіранне, якое натхняе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас двухгадзіннай сустрэчы Францішак адзначыў, што прыгажосць прыносіць карысць, лечыць і дапамагае ісці наперад.
Адказваючы на пытанні творцаў, ён падкрэсліў, што ў размове з маладымі людзьмі і абвяшчэнні Евангелля неабходныя сведчанне і суправаджэнне, якія вынікаюць з іх уласнага дыялогу з Богам і матывуюць іх да падарожжа.
Пантыфік пажадаў, каб “мастацтва адчыняла дзверы, кранала сэрцы і дапамагала рухацца наперад”. У той жа час ён указаў на этыку мастацтва, якая, між іншым, палягае на павазе да чалавека і шляху, якім ён ідзе. Роля мастацтва, лічыць Папа, заключаецца ў тым, каб забіць “шып у сэрца”, выклікаць сузіранне, якое натхняе на падарожжа.
Тэмай двухдзённага Vitae Summit стаў пошук шляхоў, з дапамогай якіх мастацтва, медыя і індустрыя забаў могуць садзейнічаць агульнаму дабру і выхоўваць культуру сустрэчы. Тут адбываецца дыскусія, абмен вопытам, пошук натхнення.
Vitae Global Foundation быў створаны 10 гадоў таму для прасоўвання хрысціянскіх каштоўнасцей праз індустрыю забаў. Сёння ён актыўна працуе ў Лацінскай Амерыцы, ствараючы серыялы, фільмы, музыку і арганізоўваючы фестывалі. Адным з самых вялікіх поспехаў фонду лічыцца серыял El Secreto de los Rossi, пра прыгоды сям'і, што кіруе гатэлем, які людзі арандуюць для цырымоній. З асаблівым поспехам ён прайшоў у Аргентыне.