Пантыфік: адукацыйныя ўстановы – месцы сустрэчы і інтэграцыі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Быць уважлівымі да прагненняў людзей, у першую чаргу маладых, якія былі вымушаны эміграваць, - заклікаў Святы Айцец удзельнікаў трохдзённай канферэнцыі Адукацыйныя ініцыятывы для бежанцаў і мігрантаў, якая прайшла ў Папскім грыгарыянскім універсітэце.
Пантыфік адзначыў важнасць рэфлексіі над прычынамі міграцыі і формамі насілля, якія падштурхоўваюць людзей адпраўляцца ў іншыя краіны. Ён нагадаў пра канфлікты і злоўжыванні прыродным асяроддзем, заклікаючы навукоўцаў дапамагчы кіраўнікам краін прымаць рашэнні на карысць абароны нашага супольнага дома.
Францішак адзначыў, што яшчэ трэба зрабіць шмат у сферы адукацыі для мігрантаў. “Важна працягваць даваць прыярытэт найбольш уразлівым. У гэтым сэнсе можа быць эфектыўным прапанаванне курсаў, якія будуць адпавядаць іх патрэбам, арганізацыя дыстанцыйных адукацыйных працэсаў, вылучэнне стыпендый, якія дазволяць ім пераехаць”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы таксама важнасць прызнання дыпломаў мігрантаў і бежанцаў, каб іх праца прыносіла карысць краінам, якія іх прымаюць. “Школы і ўніверсітэты – прывілеяваныя месцы не толькі навучання, але таксама сустрэчы і інтэграцыі”, - дадаў Пантыфік.
Святы Айцец заклікаў развіваць ва ўніверсітэтах уважлівае стаўленне да міграцыйнага феномену, прадстаўляючы яго праз прызму справядлівасці, глабальнай суадказнасці і еднасці ў разнастайнасці. “Этнічныя, моўныя і рэлігійныя адметнасці павінны лічыцца багаццем, а не перашкодай для супольнай будучыні”, - сказаў ён, дадаючы, што “адукацыйныя ўстановы пакліканы быць месцамі гасціннасці, абароны, падтрымкі і інтэграцыі для ўсіх, не выключаючы нікога”.