Пантыфік: Caritas – гэта працягнутая ў бок чалавека рука Хрыста
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак лічыць, што касцёльная структура “заслужыла павагу чальцоў іспанскага грамадства”, незалежна ад веравызнання і ідэалогій, якія яны прапаведуюць, паколькі імкнецца “аднавіць тую еднасць, якую часам губляюць людзі і супольнасці”.
Паводле Пантыфіка, каталіцкага дабрачынца павінны матываваць не вынікі і “запраграмаваныя мэты”, а сам чалавек, які перажывае праблемы. Трэба дапамагчы яму “адкрыць шляхі абнаўлення” і здольнасць да пошуку свайго месца, жаданне адкрыцца на іншых і на Бога.
І для гэтага патрэбныя жэсты, якія не толькі дапамогуць “выйсці з бяды”, але і паспрыяюць рэальным зменам у чалавеку. Папа звярнуў увагу на сітуацыю ў Іспаніі, дзе многія зняволены “ланцугом субсідый”, што перашкаджае ім развівацца. “Езус сваім жыццём і сваёй працай ясна кажа нам, што недастаткова проста “даваць”, трэба “даваць самога сябе”. Дабрачыннасць заўсёды прадугледжвае ахвяраванне ўласным жыццём”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Папа заклікаў супрацоўнікаў дабрачыннай арганізацыі “заставацца каналам для дзейнасці касцёльнай супольнасці”. На яго думку, Caritas – гэта працягнутая ў бок чалавека рука Хрыста. Францішак патлумачыў, што быць каналам – гэта не проста ўпарадкаванае кіраванне рэсурсамі або прастора, у якой можна рэалізаваць адказнасць за гэтую далікатную касцёльную місію, гаворка ідзе пра магчымасць атрымаць унікальны і неабходны досвед пазнання свайго бліжняга, да чаго запрашае Езус.
Візіт прадстаўнікоў іспанскай Caritas у Ватыкан быў прымеркаваны да 75-годдзя з дня заснавання дабрачыннай структуры ў краіне.