Аўдыенцыя для ўдзельнікаў ІІІ Міжнароднага кангрэса катэхетаў Аўдыенцыя для ўдзельнікаў ІІІ Міжнароднага кангрэса катэхетаў 

Пантыфік да катэхетаў: дзяліцеся радасцю новага жыцця ў Богу

“Пан кліча ўсіх нас да таго, каб Евангелле загучала ў сэрцы кожнага чалавека”, а катэхеты павінны знаходзіць новыя формы, неабходныя для сведчання Евангелля ў нашым штодзённым жыцці, - адзначыў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

10 верасня 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў ІІІ Міжнароднага кангрэса катэхетаў. У форуме бралі ўдзел святары, біскупы, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі, прысутнасць якіх Пантыфік назваў “знакам адказнасці Касцёла перад шматлікімі людзьмі: дзецьмі, моладдзю і дарослымі”, якія шукаюць правадыроў на шляхах веры.

“Ніколі не стамляйцеся быць катэхетамі”, бо “катэхізацыя не можа быць падобнай на школьны ўрок, але сустрэчай з жывым досведам веры”, пры гэтым ключавое значэнне мае асабістая сустрэча, якая “адкрывае сэрца” слухача, - падкрэсліў ён.

Святы Айцец заўважыў, што “мэта катэхізацыі – прывілеяванага этапу евангелізацыі – заключаецца ў тым, каб прыйсці да сустрэчы з Езусам Хрыстом і дазволіць Яму расці ў нас”.

Францішак спаслаўся на Катэхізіс, нагадваючы катэхетам, што яны павінны быць “сведкамі новага жыцця”, “сапраўднай і адзінай запаведдзю” якога з’яўляецца любоў. “Дарагія катэхеты і катэхеткі, вы пакліканы рабіць бачнай і датыкальнай асобу Езуса Хрыста, які любіць кожнага з вас і таму становіцца правілам нашага жыцця і крытэрыем маральнай адзнакі нашых чынаў. Ніколі не аддаляйцеся ад гэтай крыніцы любові, бо гэта ўмова для быцця шчаслівымі і поўнымі радасці, заўсёды і нягледзячы ні на што”, - падкрэсліў Папа.
 

10 верасня 2022, 13:09