Папа да католікаў Азіі: Езус ратуе ад “ядавітых укусаў” свету
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас Імшы, якая прайшла 14 верасня 2022 года на тэрыторыі выставачнага комплекса EXPO ў Нур-Султане, Францішак спаслаўся на літургію слова, у якой супрацьпастаўляюцца, з аднаго боку, ядавітыя змеі, якія кусалі народ Ізраэля, і, з другога боку, змей, якога, па загадзе Бога, зрабіў Майсей для ратавання ізраільцянаў.
Змеі нападалі на народ, які чарговы раз упаў у грэх наракання. “Наракаць на Бога азначае не толькі ліхасловіць і скардзіцца на Яго; гэта азначае нешта больш глыбокае, што ў сэрцах ізраільцянаў давер да Яго, да Яго абяцання, пацярпеў крах”, - заўважыў Пантыфік.
“Насамрэч, д'ябал, менавіта ў выглядзе змея, спакушае Адама і Еву, уводзіць іх у зман, пераконваючы, што Бог не добры, ды і наогул, ён зайздросціць іх волі і шчасцю”, - працягнуў разважанне Святы Айцец.
Ён лічыць, што першая частка фрагмента кнігі Лічбаў (21, 4b-9) “запрашае больш уважліва прыгледзецца да тых момантаў у нашай асабістай і агульнай гісторыі, калі пацярпеў крах давер, як да Пана, так і паміж намі”. Папа патлумачыў, што гаворка ідзе пра “моманты стомленасці і выпрабаванняў, калі ў чалавека больш няма сіл узнесці позірк да Бога; гэта сітуацыі асабістага, касцёльнага і грамадскага жыцця, калі нас кусае змяя недаверу, якая ўпырсквае ў нас яды расчаравання і засмучэння, песімізму і пакорнасці лёсу, замыкаючы нас у нашым эга, гасячы энтузіязм”.
Пантыфік нагадаў і пра “ядавіты ўкус” атэістычнага пераследу. Ён заклікаў “беражліва захоўваць успаміны пра перажытыя пакуты”, бо “інакш мы можам паверыць, што яны – гэта вада, якая выцекла і назад не вернецца, і што шлях дабра назаўжды пракладзены”. “Не, мір нельга здабыць раз і назаўсёды, яго трэба здабываць кожны дзень, як і суіснаванне розных этнічных груп і рэлігійных традыцый, суцэльнае развіццё, сацыяльную справядлівасць”, - падкрэсліў ён.
Гаворачы пра сімвал змея, які ратуе, Францішак нагадаў пра Езуса, узнесенага на дрэве крыжа; гэта Ён “не дазваляе атрутным змеям, нападаючым на нас, прывесці нас да смерці”. “Перад абліччам нашай подласці Бог дорыць нам новую вышыню: калі мы накіроўваем свой позірк на Езуса, укусы зла больш не могуць панаваць над намі, таму што Ён на крыжы прыняў на сябе яд граху і смерці і перамог іх разбуральную сілу. Вось як зрабіў Нябесны Айцец, рэагуючы на распаўсюджванне зла ў свеце: Ён даў нам Езуса, Які зблізіўся з намі так, як мы ніколі не маглі б сабе ўявіць”, - звярнуў увагу вернікаў Папа.
Гледзячы на Езуса ўкрыжаванага, “мы можам па-новаму ўбачыць нашае жыццё і гісторыю нашых народаў”, - працягнуў Францішак. Ён патлумачыў, што “ад крыжа Хрыста мы вучымся любові, а не нянавісці; вучымся спагадзе, а не абыякавасці; вучымся дараваць, а не помсціць”.
“Працягнутыя рукі Езуса – гэта абдымкі пяшчоты, у якія Бог хоча заключыць нас. І яны паказваюць нам братэрства, паміж сабой і з усімі, у якім мы пакліканы жыць. Яны паказваюць нам шлях, хрысціянскі шлях: не шлях навязвання і прымусу, улады і значнасці. (...) Шлях Езуса – іншы, шлях збаўлення: гэта шлях пакорлівай, бескарыслівай і ўсеагульнай любові, без "калі" і "але", - дадаў Пантыфік.
Завяршаючы сваю гамілію, Святы Айцец нагадаў, што “быць хрысціянамі – значыць жыць без атруты: не кусаць адно аднаго, не наракаць, не вінаваціць, не пляткарыць, не распаўсюджваць злыя справы, не забруджваць свет грахом і недаверам, якія выходзяць ад злога”.