Маці Тэрэза з Калькуты Маці Тэрэза з Калькуты 

Папа: давайце несці ўсмешку Маці Тэрэзы людзям

З нагоды 25-годдзя з дня смерці Маці Тэрэзы з Калькуты, што адзначалася 5 верасня 2022 года, Францішак нагадаў пра актуальнасць прыкладу і сведчання гэтай вялікай святой.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Маці Тэрэза любіла казаць: “Можа я і не ведаю іх мовы, але магу ім усміхацца”. Давайце насіць у сэрцы яе ўсмешку і дарыць яе тым, каго сустракаем на нашым шляху, асабліва тым, хто пакутуе. Так мы адкрыем гарызонт радасці і надзеі”, - напісаў Папа ў Twitter.

Маці Тэрэза з Калькуты з’яўляецца адным з самых яскравых сімвалаў хрысціянскай велікадушнасці. У 1979 годзе яна стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру “за дзейнасць па барацьбе з беднасцю і за дапамогу людзям”. У 2012 годзе Генеральная асамблея ААН прыняла адзначаць дзень смерці Маці Тэрэзы, 5 верасня, Міжнародны дзень дабрачыннасці. У рамках Юбілею Міласэрнасці, 4 верасня 2016 года, місіянерка была кананізавана Францішкам.

Галоўныя ўрачыстасці з нагоды 25-й гадавіны смерці Маці Тэрэзы прайшлі ў Індыі, дзе яна служыла на працягу большай часткі свайго жыцця і дзе заснавала кангрэгацыю Сясцёр Місіянерак Любові. У генеральным доме гэтай манаскай супольнасці ў Калькуце, а таксама ў іншых частках краіны, прайшлі літургіі і набажэнствы, падчас якіх узгадвалася асоба і прыклад святой, паінфармавала Апостальская нунцыятура ў Дэлі.

Дзейнасць Маці Тэрэзы працягвае прыносіць плёны ў нашы дні. Справу святой працягваюць каля 4 тысяч яе духоўных паслядоўніц у розных частках свету. З нагоды юбілейнай даты ў Калькуце быў адкрыты новы дабрачынны цэнтр для беспрытульных дзяцей. Тут яны могуць прыняць душ, атрымаць адзенне, малако і печыва, а таксама прайсці курсы па творчасці і навучыцца чытаць і пісаць. “Робячы ўсё, што можам, мы працягваем развіваць спадчыну нашай Маці”, - напісала ў спецыяльным пасланні генеральная настаяцельніца Сясцёр Місіянерак Любові, сястра Мэры Джозэф Майкл. Яна падкрэсліла, што бедныя будуць працягваць заставацца ў цэнтры дзейнасці кангрэгацыі, бо сёстры прагнуць служыць ім, нягледзячы на тое, што іх працу абцяжарваюць “розныя палітычныя сітуацыі”.

Пра духоўны фундамент жыцця Маці Тэрэзы, падчас святой Імшы, якая 5 верасня прайшла ля яе магілы ў Калькуце, нагадаў мясцовы пастыр, арцыбіскуп Томас Д’Соўза. Адным са стаўпоў духоўнасці Маці Тэрэзы была сустрэча з Езусам Хрыстом у малітве, Эўхарыстыі і сакрамэнце споведзі, другім – любоў да Марыі, Маці Божай, якая натхняла яе асаблівым чынам, - падкрэсліў іерарх. Трэцім стаўпом было “бескарыслівае і шчырае служэнне найбяднейшым з бедных”, - дадаў ён, нагадваючы словы Маці Тэрэзы: “Плён цішыні – гэта малітва, плён малітвы – вера, плён веры – любові, плён любові – служэнне, плён служэння – мір”.
 

06 верасня 2022, 12:44