Папа на З'ездзе лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій Папа на З'ездзе лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій

Папа: дыялог паміж рэлігіямі – незаменнае служэнне чалавецтву

Будзем пасланнікамі міра і адзінства, - заклікаў Святы Айцец у прамове на заканчэнне З’езда лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій, які 13-15 верасня 2022 года прайшоў у Нур-Султане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец падзякаваў удзельнікам кангрэса, адзначаючы важнасць такіх падзей “у цяжкі час, азмрочаны не толькі пандэміяй, але таксама і бессэнсоўным вар’яцтвам вайны”. Ён падкрэсліў, што рэлігіі могуць рабіць каштоўны ўклад у дыялог і згоду паміж народамі, а таксама заўважыў, што “на жаль, псеўдарэлігійны тэрарызм, экстрэмізм, радыкалізм, нацыяналізм, якія хаваюцца пад покрывам сакральнасці, усё яшчэ выклікаюць страх і асцярогу ў адносінах да рэлігій”.

“У гэтыя дні ў нас з’явілася цудоўная магчымасць сабрацца разам і паказаць усім сапраўдную і неад’емную сутнасць рэлігіі”, - сцвердзіў Пантыфік, спасылаючыся на выніковую Дэкларацыю з’езда, у якой гаворыцца, што “экстрэмізм, радыкалізм, тэрарызм і ўсякае падбухторванне да нянавісці, варожасці, насілля і вайны, якія б матывы і мэты не ставілі перад сабой, не маюць нічога супольнага з сапраўдным рэлігійным духам, і павінны адрынацца самым рашучым чынам, асуджацца без якіх-кольвечы агаворак”.

Папа адзначыў, што паміж палітыкай і рэлігіяй павінен захоўвацца здаровы баланс. Гэтыя дзве сферы павінны суіснаваць у гарманічнай сувязі. Яны не павінны змешвацца, але таксама паміж імі не павінна быць раздзелу, бо “самыя высокія чалавечыя памкненні не могуць быць выключаны з грамадскага жыцця і звязвацца выключна з прыватнай сферай”.

Францішак падкрэсліў, што ўдзельнікі форума звярнуліся да ўрадаў і кампетэнтных міжнародных арганізацый з настойлівай просьбай падтрымаць рэлігійныя групы і этнічныя супольнасці, якія падвяргаюцца пераследу і насіллю. Рэлігійная свабода павінна стаць не абстрактным, а канкрэтным правам. “Давайце абараняць права ўсіх і кожнага на рэлігію, надзею, прыгажосць – на Неба”, - сказаў Папа, дадаючы, што “кожны чалавек, калі знаходзіцца ў еднасці з боскім, можа асвячаць зямлю асаблівым святлом”.

Святы Айцец запэўніў у жаданні Апостальскай Сталіцы працягваць ісці шляхам міжнароднага дыялогу, заўважаючы, што гэта “сумесны шлях міру і да міру, ён крайне неабходны, і мы не павінны паварочваць назад”. “Міжрэлігійны дыялог – гэта ўжо не магчымасць, а тэрміновае і незаменнае служэнне чалавецтву, на хвалу Стварыцеля ўсіх нас”, - дадаў ён.

Папа нагадаў, што чалавек з’яўляецца шляхам Касцёла, а таксама і шляхам усіх рэлігій. “Калі прымаюцца важныя рашэнні, у першую чаргу, трэба глядзець не на стратэгічныя і эканамічныя мэты, нацыянальныя, энергетычныя і ваенныя інтарэсы, а на дабро чалавечай асобы. Для ажыццяўлення па-сапраўднаму грандыёзных рашэнняў трэба глядзець на дзяцей, моладзь і іх будучыню, на старыкоў і іх мудрасць, на простых людзей і іх канкрэтныя патрэбы”, - сказаў Пантыфік.

“Пакліканне вялікіх вучэнняў і рэлігій – сведчыць усяму чалавецтву пра існаванне агульнай духоўнай і этычнай спадчыны, якая абапіраецца на два стаўпы: трансцэндэнтнасць і братэрства”, - падкрэсліў ён.

Францішак заклікаў прыкладаць неадкладныя намаганні на карысць міру, бо “сёння кожны канфлікт ці ачаг напружанасці і супрацьстаяння можа мець эфект “даміно” і нанесці сур’ёзную шкоду сістэме міжнародных адносін. “Спакой – гэта не проста адсутнасць вайны, не толькі стан раўнавагі супярэчных сіл. Спакой не нараджаецца з дэспатычнага дамінавання, але слушна і трапна ён названы “справай справядлівасці”. Яго крыніца – братэрства, спакой устанаўлівацца шляхам барацьбы супраць несправядлівасці і няроўнасці, ствараецца, калі людзі працягваюць адзін аднаму рукі. Мы, людзі якія верым у Стварыцеля ўсіх людзей, першымі павінны абараняць мірнае суіснаванне. Мы павінны сведчыць, прапаведваць, маліцца аб міры. Таму ў Дэкларацыі ўтрымліваецца заклік да ўсіх сусветных лідараў паўсюдна спыніць канфлікты і кровапраліцце, і забыць пра агрэсіўную і дэструктыўную рыторыку. Калі ласка, у імя Бога і дзеля дабра чалавецтва: паклапаціцеся пра мір, а не пра ўзбраенні! Вашы імёны застануцца вялікімі ў гісторыі толькі калі вы будзеце служыць міру”, - запэўніў Святы Айцец.

Францішак адзначыў важнасць укладу жанчын у справу міру на планеце, заклікаючы паважаць іх, прызнаваць і даваць магчымасць удзельнічаць у многіх важных справах. Таксама ён заклікаў клапаціцца пра моладзь, якая марыць пра мір. “Дадзім моладзі магчымасць атрымліваць адукацыю, а не знішчальную зброю. І давайце будзем іх слухаць, не баючыся іх пытанняў. А галоўнае – будзем ствараць мір, думаючы пра іх!”, - дадаў Папа.

“Браты, сёстры, народ Казахстана, адкрыты заўтрашняму дню і сведка столькіх пакут у мінулым, дзякуючы сваёй яскравай шматканфесійнасці і мультыкультурнасці – гэта прыклад будучыні. Гэты прыклад падштурхоўвае нас будаваць будучыню, не забываючы пра трансцэндэнтнасць і братэрства, пакланенне Найвышэйшаму і прыняцце іншага. Давайце працягваць наш шлях, ідучы разам па зямлі як браты Неба, творцы надзеі і будаўнікі згоды, веснікі міру і адзінства!”, - завяршыў прамову Пантыфік.
 

15 верасня 2022, 11:28