Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік на Сусветны дзень моладзі: устаць і несці Езуса ўсім!

Святы Айцец скіраваў пасланне на 37-ы Сусветны дзень моладзі, які сёлета будзе адзначацца на дыяцэзіяльным узроўні 20 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У цяперашнія “вельмі цяжкія часы, калі чалавецтва, перажыўшы траўму пандэміі, раздзіраецца на часткі трагедыяй вайны”, Панна Марыя адкрывае для ўсіх – асабліва для маладых людзей – “шлях блізкасці і сустрэчы”, - напісаў Папа, выказваючы пажаданне, каб досвед Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у жніўні 2023 года ў Лісабоне, стаў новым пачаткам для новых пакаленняў і ўсяго чалавецтва.

У пасланні на тэму: “Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла” (Лк 1,29), якое было абнародавана 12 верасня 2022 года, Францішак заўважыў, што пасля Звеставання Найсвяцейшая Панна не засяроджвалася на сябе, на сваіх клопатах і страху, але цалкам даверылася Богу і неадкладна паспяшыла да сваёй сваячкі Альжбеты, якая патрабавала дапамогі.

“Марыя ўстала і вырушыла ў шлях, бо была ўпэўнена, што Божыя планы – гэта найлепшы праект Яе жыцця. Марыя становіцца Божай святыняй, вобразам Касцёла, які пілігрымуе, Касцёла, які выходзіць вонкі і аддае ўсяго сябе служэнню, Касцёла, які нясе Добрую навіну”, - дадаў ён.

Францішак падкрэсліў, што Марыя, якая спяшаецца з дапамогай, з’яўляецца прыкладам для ўсіх хрысціян, асабліва для моладзі, якая рызыкуе застацца нерухомай, займаючыся самалюбаваннем ці трапіўшы ў “пасткі” сацыяльных сетак. Марыя цалкам скіравана “да таго, што знаходзіцца звонку”, Яна з’яўляецца “пасхальнай жанчынай”, знаходзіцца ў стане “пастаяннага зыходу”, выйсця насустрач Богу і бліжнім, асабліва самым патрабуючым, як гэта было ў выпадку Яе сваячкі Альжбеты. Багародзіца не заставалася абыякавай, больш думала пра іншых, чым пра сябе, а гэта прынесла ў Яе жыццё дынаміку і энтузіязм, - дадаў Папа.

“Калі ўзнікае канкрэтная і тэрміновая патрэба, неабходна дзейнічаць хутка”, - напісаў ён, нагадваючы пра вялікую колькасць старыкоў, хворых, зняволеных, бежанцаў, якія патрабуюць дапамогі.

“Марыя – гэта прыклад дзяўчыны, якія не губляла часу на тое, каб прыцягнуць да сябе ўвагу ці дабіцца прызнання іншых – як гэта адбываецца, калі мы становімся залежнымі ад “лайкаў” у сацыяльных сетках, – а ідзе шукаць сапраўдныя сувязі, што ўзнікаюць з сустрэч, дзялення, любові і служэння”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што Багародзіца працягвае адведваць кожны куток на зямлі, беручы на сябе клопаты свайго народа і яго цяжкасці, а шматлікія Яе дзеці няспынна адведваюць санктуарыі, касцёлы і капліцы, прысвечаныя Ёй. “Пілігрымкі, святы, набажэнствы, прыняцце ў дамах абразоў, якія перэгрынуюць, і многае іншае – гэта канкрэтныя прыклады жывой сувязі паміж Маці Пана і Яе народам, якія адведваюць адзін аднаго”, - заўважыў Папа.

Францігак нагадаў, што існуе таксама і “няправільная паспешнасць”, напрыклад, тая, якая прымушае падыходзіць да жыцця павярхоўна і ставіцца да ўсяго легкадумна, без ангажаванасці і ўдзелу ў тым, што робім, калі ніколі па-сапраўднаму не слухаем іншых і не знаходзім часу для іх. “Цяжка, каб усе гэтыя рэчы, пражытыя ў спешцы, прынеслі плёны”, - дадаў ён.

“Дарагая моладзь, прыйшоў час скіравацца да канкрэтных сустрэч, да сапраўднага прыняцця таго, хто адрозніваецца ад нас, як гэта было ў выпадку з маладой Марыяй і пажылой Альжбетай. Толькі так мы зможам пераадолець адлегласць, якая раздзяляе пакаленні, сацыяльныя класы, этнічныя культуры і групы, рознага роду катэгорыі, а таксама войны. Надзеяй на новае адзінства для рассеянага і падзеленага чалавецтва заўсёды з’яўляецца моладзь, але толькі калі ў яе ёсць памяць, толькі калі яна ўважлівая да трагедый і мараў пажылых. Не выпадкова вайна вярнулася ў Еўропу ў той час, калі зыходзіць пакаленне, што перажыла яе ў мінулым стагоддзі. Неабходны саюз моладзі і пажылых людзей, каб не забыць урокі гісторыі, пераадолець палярызацыю і экстрэмізм сучаснасці”, - сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што Божы адказ на выклікі чалавецтва ва ўсе часы – гэта Езус, якога Марыя несла ў сябе, ідучы на сустрэчу з Альжбетай. Езус, Яго бясконцая любоў да кожнага з нас, Яго збаўленне і новае жыццё, падараванае кожнаму – гэта самае вялікае пасланне Касцёла. “Марыя з’яўляецца для нас прыкладам таго, як прыняць у нашым жыцці гэты вялікі дар і як абвяшчаць яго іншым, стаць тымі, хто нясе Хрыста, Яго спагадлівую любоў і шчодрае служэнне чалавецтву, якое пакутуе”, - дадаў ён.

Напрыканцы паслання Францішак запрасіў маладых людзей з усяго свету прыняць удзел у сустрэчы, якая пройдзе ў Партугаліі ў жніўні 2023 года. “Пасля доўгага перыяду разлукі і ізаляцыі – з Божай дапамогай – мы адкрыем у Лісабоне радасць братэрскіх абдымкаў і міру, абдымкаў новага місійнага братэрства! Няхай Святы Дух запаліць у вашых сэрцах жаданне ўстаць і радасна пайсці разам у сінадальным стыле, не прымаючы фальшывыя межы. Прыйшоў час устаць! Устанем хутка! І як Марыя будзем несці ў сабе Езуса, каб абавяшчаць Яго ўсім”, - заклікаў Папа.
 

12 верасня 2022, 12:20