Падчас аўдыенцыі для Брацтва святога Тамаша Аквінскага Падчас аўдыенцыі для Брацтва святога Тамаша Аквінскага 

Папа: вера і розум, калі ідуць разам, напаўняюць свет сэнсам

Вера і розум, калі яны ідуць, узяўшыся за рукі, здольныя ўмацоўваць культуру чалавека, напаўняць свет сэнсам і будаваць больш гуманнае, братэрскае і, адпаведна, больш напоўненае Богам грамадства, - адзначыў Папа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак прыняў 30 верасня 2022 года на аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў міжнароднай асацыяцыі вернікаў – Брацтва святога Тамаша Аквінскага (FASTA).

“Выклік евангелізацыі, з якім вы сутыкаецеся як асацыяцыя, асабліва ў кантэксце множных, мультыкультурных і мультырэлігійных гарадоў, прадугледжвае вялікую пакору з вашага боку, каб мець магчымасць наблізіцца да кожнага, не выключаючы нікога, нават да тых, хто не падзяляе нашай веры і нашых каштоўнасцей”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Ён папрасіў сваіх гасцей ахвотна “ўступаць у дыялог з людзьмі, з іх марамі, з іх гісторыямі, іх ранамі і іх стомленасцю, бо ўсё чалавечае вартае таго, каб быць ахопленым любоўю і міласэрнасцю Бога”.

Папа спаслаўся на харызму Брацтва, якая рэалізуецца праз адукацыю, і заклікаў памятаць, “што навучанне – гэта адна з духоўных спраў міласэрнасці”; яна “прапануе сэнс, мастацтва апавядаць аб кожным элеменце жыцця чалавека”.
 

30 верасня 2022, 14:38