Ф ранцішак у самалёце падчас размовы з журналістамі. Здымак мае ілюстрацыйны характар Ф ранцішак у самалёце падчас размовы з журналістамі. Здымак мае ілюстрацыйны характар 

Папскі візіт у Казахстан: тэма міру ў тэлеграмах палітыкам

Францішак моліцца за спакой і згоду ў грамадстве. Аб гэтым ён заявіў у адмысловых тэлеграмах, дасланых кіраўніцтву краін, якія пралятае “папскі” самалёт на шляху ў Казахстан.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Збіраючыся пакінуць зямлю Італіі, каб здзейсніць апостальскае падарожжа ў Казахстан для ўдзелу ў кангрэсе лідараў сусветных рэлігій і сустрэчы з насельніцтвам і каталіцкай супольнасцю, хачу звярнуцца да вас, спадар Прэзідэнт і ўсіх італьянцаў з маім сардэчным прывітаннем, якое я суправаджаю пажаданнямі міру і згоды ў спалучэнні з малітвай да Бога за дабро і прагрэс усяго народа”, - напісаў Папа 13 верасня 2022 года да Серджа Матарэлы.

Пантыфік у асобных тэлеграмах запэўніў у сваёй малітве народы Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Сербіі, Чарнагорыі, Балгарыі, Турцыі, Грузіі, Азербайджана і такім чынам падтрымаў традыцыю, закладзеную папярэднікамі. Ён пажадаў дароў братэрства, дабрабыту, згоды і міру.

Францішак, як і падчас кожнай паездкі, прывітаў на борце самалёта каля 80 журналістаў, якія яго суправаджаюць: “Добрай раніцы, вялікі дзякуй за вашу прысутнасць і дапамогу ў гэтым падарожжы. Жадаю добрай дарогі і добрай працы! Мы пагаворым, калі будзем вяртацца. Дзякуй і добрага дня”, - сказаў ён.

12 верасня 2022 года вечарам Святы Айцец, як звычайна, перад замежнымі паездкамі, накіраваўся ў базыліку Санта-Марыя-Маджорэ ў Рыме, дзе памаліўся перад абразом Salus Populi Romani і даверыў Маці Божай сваю пілігрымку ў Казахстан. Гэта быў 98-ы візіт Францішка ў гэты храм з пачатку пантыфікату.

Дыялог, сустрэча, пошук міру паміж рэлігіямі і культурамі з’яўляюцца ключавымі словамі цяперашняга падарожжа. Папу чакаюць 3 дні і 5 важных прамоў. Францішак стаў другім, пасля Яна Паўла ІІ, Пантыфікам, які прыбыў у Казахстан. Той візіт, 21 год таму, адбыўся праз некалькі дзён пасля тэрарыстычнага нападу на вежы-блізняты ў Нью-Ёрку і Пентагон.

На жаль, і сёння вайна застаецца самым страшным выклікам. Таму, як чакаецца, менавіта тэма паўсюднага братэрства стане цэнтральнай у зваротах Папы да палітыкаў і рэлігійных лідараў.
 

13 верасня 2022, 11:06