Папа на сустрэчы Эканоміка Францішка Папа на сустрэчы Эканоміка Францішка 

Папа: патрэбна новая эканоміка, уважлівая да бедных і экалогіі

Актуальная сітуацыя ў свеце патрабуе новых эканамічных парадыгмаў, якія паставяць у цэнтр бедных, навакольнае асяроддзе і працу, - падкрэсліў Папа падчас форума The Economy of Francesco.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Вы – хрысціяне, пакліканыя стаць майстрамі і будаўнікамі супольнаму дома, які ператвараецца ў руіны. Новая эканоміка, натхнёная Францішкам з Асізі, сёння можа быць эканомікай, сяброўскай у адносінах да зямлі, і эканомікай міру”, - сказаў Пантыфік, звяртаючыся да маладых прадпрымальнікаў і эканамістаў з каля 120 краін свету, якія 22-24 верасня 2022 года сабраліся ў італьянскім горадзе Асізі.

Францішак спаслаўся на прыклад біблійных постацей Самуэля, Ераміі, Эзэкіэля, Даніэля, падкрэсліваючы, што прароцтва – гэта справа маладых людзей, якія на старонках Святога Пісання часта з’яўляюцца носьбітамі мудрасці і разважлівасці.

“Калі грамадзянскай супольнасці і бізнесу не хапае здольнасцей моладзі, усё грамадства марнее, жыццё ўсіх гасне: не хапае крэатыўнасці, аптымізму, энтузіязму. Грамадства і эканоміка без моладзі – сумныя, песімістычныя, цынічныя”, - папярэдзіў Папа.

Святы Айцец выказаў спадзяванне на тое, што сучасныя маладыя прадпрымальнікі дапамогуць свету пераадолець эканамічныя парадыгмы ХХ стагоддзя, кіруючыся новым бачаннем навакольнага асяроддзя і зямлі. Ён заклікаў чэрпаць натхненне з жыцця святога Францішка Асізскага, уважлівага да стварэння, усіх жывых істот. “Прыйшоў час з абноўленай адвагай адмовіцца ад выкапнёвых крыніц энергіі, паскорыць развіццё крыніц з нулявым ці станоўчым уздзеяннем”, - дадаў Пантыфік.

Папа нагадаў, пра ўзаемасувязь паміж заняпадам экалогіі і сацыяльнымі праблемамі, у першую чаргу пашырэннем беднасці. “Намагаючыся выратаваць планету, мы не павінны забываць пра людзей, якія пакутуюць. Забівае не толькі забруджванне вуглякіслым газам, але таксама і няроўнасць смяротным чынам забруджвае нашу планету”, - сказаў ён.

Святы Айцец адзначыў важнасць захавання духоўнай спадчыны, якая дапамагае моладзі не згубіць сэнс жыцця і з’яўляецца больш рэальнай за фінансавы і тэхналагічны капітал. Ён заклікаў весці больш сціплы лад жыцця і дапамагаць бедным стаць галоўнымі дзеючымі асобамі перамен. “Мы не павінны любіць галечу, наадварот, мы павінны змагацца з ёй, у першую чаргу праз стварэнне працоўных месцаў, годнай працы. Але Евангелле кажа нам, што без павагі да бедных, галечу перамагчы немагчыма”, - дадаў Пантыфік.

Францішак даў маладым прадпрымальнікам і эканамістам тры ўказанні: першае – глядзець на свет вачыма самых бедных, з перспектывы ахвяр і спісаных ва ўтыль, для чаго трэба ведаць бедных, быць іх сябрамі; другое – ствараць працоўныя месцы, добрую працу; і трэцяе – уцелаўляць у рэальным жыцці ідэалы, прагненні і каштоўнасці, ператвараючы іх у канкрэтныя справы.

Папа завяршыў сваю прамову малітвай, просячы аб благаслаўленні для маладых удзельнікаў форума Эканоміка Францішка, для іх праектаў, задум, мараў, а таксама, каб яны з радасцю перамянялі свет сваёй любоўю і працай.
 

24 верасня 2022, 11:34