Аўдыенцыя для членаў Папскай акадэміі навук Аўдыенцыя для членаў Папскай акадэміі навук 

Папа: навука павінна служыць братэрству, справядлівасці і міру

Прасоўваць веды, якія будуць спрыяць будаванню міра, - заклікаў Пантыфік падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай акадэміі навук.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

10 верасня 2022 года Францішак прыняў навукоўцаў, сёлетняя сустрэча якіх прысвечана навуцы як аснове чалавечага развіцця, міру і здароўя планеты. “Неабходна мабілізаваць усе веды, заснаваныя на навуцы і досведзе, каб перамагчы галечу, беднасць, новыя формы рабства і прадухіліць войны. Адмаўляючыся ад некаторых даследаванняў, якія ў канкрэтных гістарычных абставінах непазбежна будуць накіраваны на смяротныя мэты, навукоўцы ўсяго свету могуць аб’яднацца ў супольнай гатоўнасці абяззброіць навуку і сфармаваць сілу на карысць міра”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец зазначыў, што “пасля двух трагічных сусветных войнаў здавалася, што свет навучыўся паступова рухацца да павагі правоў чалавека, міжнароднага права і розных форм супрацоўніцтва”. “Але, на жаль, у гісторыі назіраюцца прыкметы рэгрэсу. Не толькі ўмацоўваюцца анахранічныя канфлікты, але зноў узнікае закрыты, азлоблены і агрэсіўны нацыяналізм, а таксама новыя войны за панаванне, якія ўдараюць па мірнаму насельніцтву, пажылым, дзецям і хворых, і выклікаю разбурэнні ўсюды”, - з жалем канстатаваў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што свет ахутваюць новыя трывожныя цені, якім, здавалася, было наканавана рассеяцца. У гэтым кантэксце ён заклікаў працягваць маліцца аб захаванні свету ад атамнай вайны, а таксама прыслухацца да плачу зямлі і людзей, якія сталі ахвярамі несправядлівасці. Папа адзначыў важнасць экалагічнага навяртання і пазбягання падсілкавання нянавісці, крыўдаў, падзелаў, гвалту і вайны.

“Навуковыя дасягненні гэтага стагоддзя заўсёды павінны быць скіраваны на патрэбы братэрства, справядлівасці і міру, дапамагаючы вырашаць вялікія праблемы, з якімі сутыкаецца чалавецтва і яго асяроддзе пражывання”, - сказаў ён, дадаючы, што прымусовая праца, прастытуцыя і гандль органамі – гэта “злачынствы супраць чалавечнасці, якія ідуць поруч з беднасцю”.

Пантыфік заклікаў прадстаўнікоў свету навукі працаваць на карысць праўды, дыялогу, справядлівасці і міру, бо сёння, больш чым калі-небудзь, Каталіцкі Касцёл знаходзіцца ў саюзе з навукоўцамі, якія наследуюць гэта натхненне. “Касцёл падзяляе і падтрымлівае любоў да навуковых даследаванняў дзеля пазнання свету, макракосмасу і мікракосмасу, жыцця ў цудоўнай сімфоніі яго формаў”, - дадаў Святы Айцец.
 

10 верасня 2022, 12:33