Пошук

Анёл Панскі: дар новага позірку на сябе і на іншых

Хрысціяне не могуць глядзець на іншых звысоку, асуджаючы, высмейваючы і выключаючы, - звярнуў увагу 30 кастрычніка 2022 года Папа ў разважанні перад нядзельнай малітвай Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак традыцыйна спаслаўся на ўрывак з Евангелля гэтай нядзелі (Лк 19, 1-10), дзе апісваецца сустрэча Хрыста з Закхеем, кіраўніком мытнікаў – чыноўнікаў, якія збіралі падаткі для рымскіх акупантаў. Ён падкрэсліў ключавы для гэтага тэксту дзеяслоў “шукаць” і адзначыў, што тут мы маем справу з двума позіркамі: позіркам Закхея, які шукае Езуса, і позіркам Езуса, Які шукае Закхея.

Аналізуючы гэты першы, Францішак нагадаў, што суайчыннікі лічылі Закхея несумленным і пагарджалі ім. У тэксце гаворыцца, што ён быў невялікага росту, і гэта, магчыма, таксама намякае на яго ўнутраную нізасць, на яго пасрэднае, несумленнае жыццё, з позіркам заўсёды скіраваным уніз. Тым не менш, ён хоча бачыць Збаўцу. “Закхей вучыць нас, што ў жыцці ніколі не бывае так, што ўсё страчана. Мы заўсёды можам вызваліць месца для жадання пачаць нанова, выйсці нанова, пакаяцца”, - адзначыў ён.

Гаворачы пра позірк Езуса, Папа заўважыў, што ў ім ёсць пакора Бога, Які не глядзіць на чалавека звысоку, не хоча яго прынізіць і судзіць; наадварот, Ён упакорыўся так, што абмыў нам ногі.

Францішак заклікаў вернікаў памятаць аб тым, што “позірк Бога ніколі не спыняецца на нашым мінулым, поўным памылак, але з бясконцым даверам скіраваны на тое, кім мы можам стаць”. “І калі часам мы адчуваем сябе людзьмі нізкага росту, не здольнымі да прыняцця выклікаў жыцця, а тым больш Евангелля, калі мы загразлі ў праблемах і грахах, Езус заўсёды глядзіць на нас з любоўю: Ён глядзіць на нас так, як на Закхея, Ён ідзе нам насустрач, кліча нас па імені і, калі мы яго вітаем, прыходзіць да нас у дом”, - звярнуў увагу Пантыфік.

Ён папрасіў сваіх слухачоў задаць сабе некалькі пытанняў: “Якімі мы бачым сябе? Ці адчуваем мы сябе няздольнымі і здаёмся, ці шукаем сустрэчы з Езусам там, дзе адчуваем прыгнечанасць? І потым: як мы глядзім на тых, хто збіваецца з шляху і спрабуе падняцца з пылу сваіх памылак? Ці гэта часам не позірк зверху, які асуджае, здзекуецца і выключае?”. Папа адзначыў, што хрысціяне і Касцёл, “павінны мець позірк Хрыста, Які прымае тых, хто знаходзіцца ніжэй, шукае згубленых са спачуваннем”.

Завяршаючы сваё разважанне перад малітвай Анёл Панскі, Францішак звярнуўся з малітвай да Багародзіцы, просячы яе дапамагчы тым, хто яе ўшаноўвае, у атрыманні “дару новага позірку на сябе і на іншых”.
 

30 кастрычніка 2022, 12:39

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >