Падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў 27-га Сусветнага кангрэса UNIAPAC Падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў 27-га Сусветнага кангрэса UNIAPAC  

Францішак да бізнес-лідараў: вучыце маладых і вучыцеся ў іх

Папа сустрэўся з удзельнікамі 27-га Сусветнага кангрэса UNIAPAC – экуменічнай арганізацыі са штаб-кватэрай у Парыжы, якая аб'ядноўвае хрысціянскія асацыяцыі бізнес-лідараў з 40 краін Еўропы, Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і Азіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак падзякаваў гасцям за імкненне ўмацаваць сваё “высакароднае пакліканне прадпрымальніка”. “Мы ніколі не павінны забывацца, што ўсе нашы здольнасці, у тым ліку поспех у бізнесе, з’яўляюцца дарам Божым і павінны быць выразна арыентаваны на развіццё іншых і выкараненне беднасці, асабліва праз стварэнне разнастайных магчымасцей працаўладкавання”, - заўважыў ён 21 кастрычніка 2022 года.

Пантыфік лічыць безумоўным фактам тое, што “свет мае пільную патрэбу ў іншай эканоміцы, такой, якая дазваляе жыць, а не забівае, уключае, а не выключае, гуманізуе, а не дэгуманізуе, клапоціцца пра стварэнне, а не рабуе яго”.

Менавіта таму такая “новая эканоміка” павінна быць інклюзіўнай. “Рэалізуючы сваю прафесію, вы, кіраўнікі прадпрыемстваў і прадпрымальнікі, пакліканы выступаць у якасці закваскі, якая гарантуе, што развіццё стане ўдзелам усіх людзей, і асабліва самых выключаных і патрабуючых, што эканоміка заўсёды будзе спрыяць цэласнаму развіццю чалавека”, - звярнуўся Святы Айцец.

Ён заклікаў прадстаўнікоў бізнесу падтрымліваць “эканоміку клопату”, дзе паважліва ставяцца да людзей і прыроды, і “эканоміку працы”, дзе работніка не эксплуатуюць праз прыніжальныя ўмовы і знясільваючыя гадзіны.

Напрыканцы Папа нагадаў прысутным на аўдыенцыі, што нядаўна ў горадзе Асізі, “дзе святы Францішак і першыя манахі прынялі беднасць і прапанавалі эканамічным лідарам свайго часу новую радыкальную эканоміку”, маладыя эканамісты і прадпрымальнікі разважалі аб стварэнні новай эканомікі і падпісалі Дамову аб паляпшэнні глабальнай эканамічнай сістэмы.

“Сёння сотні, тысячы, мільёны і, магчыма, мільярды маладых людзей змагаюцца за доступ да фармальных эканамічных сістэм ці нават за тое, каб атрымаць сваю першую аплачваную працу, дзе яны могуць на практыцы прымяніць акадэмічныя веды, навыкі, энергію і энтузіязм. Я хацеў бы заахвоціць вас, сталых і паспяховых бізнес-лідараў і прадпрымальнікаў, падумаць аб новым альянсе з маладымі людзьмі, якія стварылі гэтую Дамову і ўзялі на сябе абавязацельствы. Быць з імі, вучыць іх і вучыцца ў іх; і разам даць форму “новай эканоміцы на карысць агульнага дабра”, - звярнуўся да ўдзельнікаў Сусветнага кангрэса UNIAPAC Францішак.
 

21 кастрычніка 2022, 13:32