Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак даў рэкамендацыі каталіцкім экспертам у камунікацыі

Сёння камунікацыйныя працэсы ідуць бесперапынна і хутка, і гэта патрабуе больш адказнага планавання, - адзначыў Папа 31 кастрычніка 2022 года ў прамове да Каардынацыйнага органа камунікацыйных асацыяцый (Copercom).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Каардынацыя – гэта не простая дзейнасць, яна патрабуе цярпення, канцэпцыі, адзінства мэты і, перш за ўсё, узмацнення індывідуальнай асацыятыўнай ідэнтычнасці, якая павінна быць пастаўлены на службу цэламу. Таленты і навыкі павінны прыносіць плён на карысць усіх на службе Касцёла ў Італіі”, - звярнуў увагу Францішак.

Пантыфік заклікаў чальцоў арганізацыі, якая дзейнічае пад эгідай італьянскага епіскапату, з упэўненасцю глядзець у будучыню і не баяцца ісці шляхам наватарства.

“Фактычна, маючы справу з камунікацыяй, вы вельмі добра ведаеце, як тэхналагічныя інавацыі паскараюць працэсы і змену пакаленняў. (...) Запрашаю вас асаблівым чынам паглядзець на новыя пакаленні і вызначыць найбольш прыдатныя шляхі для ўстанаўлення з імі шырокіх кантактаў”, - звярнуўся да сваіх гасцей Святы Айцец. Ён папярэдзіў, што змена палягае не на патаканні “модзе моманту”, а на пераўтварэнні ладу быцця і мыслення.

Камунікацыя, нагадаў Францішак, гэта таксама сустрэча з іншым чалавекам, якая адбываецца без прытворства, без загадзя сфармуліраваных ідэй. Гаворка тут ідзе пра павагу да іншага – не фармальную, а фактычную. “Слуханне – важны складнік сапраўднага дыялогу. Толькі пасля яго прыходзіць слова”, - заўважыў Папа.

Завяршаючы сустрэчу, ён запрасіў каталіцкіх экспертаў у камунікацыі зрабіць свой адмысловы ўклад у сінадальнае падарожжа, якім зараз ідзе Касцёл.
 

31 кастрычніка 2022, 11:43