Папа: Бог хоча зрабіць нас удзельнікамі паўнаты Яго жыцця

Дазволім Богу зрабіць цуд для нас, - заклікаў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 12 кастрычніка 2022 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны духоўнаму распазнаванню, адзначыўшы, што яго чарговым неад’емным “інгрэдыентам”, пасля малітвы і пазнання сябе, з’яўляецца жаданне. Паводле духоўных настаўнікаў, гаворка ідзе пра тугу па паўнаце, якая ніколі не знаходзіць поўнага спаўнення, і пра знак прысутнасці Бога ў нас.

Францішак падкрэсліў, што такое жаданне не мімалётнае. На лацінскай мове яно гучыць як “de-sidus”, што літаральна азначае “недахоп зоркі”, недахоп арыенціра, які скіроўвае жыццёвы шлях; яно звязана з пакутамі і пачуццём нястачы, а ў той жа час імкненнем дасягнуць дабра, якога не стае. “Жаданне, такім чынам, гэта компас, які дае зразумець, дзе знаходжуся і куды іду. Але як яго распазнаць?”, - спытаўся Папа.

“Шчырае жаданне здольна глыбока кранаць струны нашай душы, таму яно ніколі не гасне перад абліччам цяжкасцей і няўдач. Яно падобна на смагу: пакуль не знойдзем пітво, мы не адмаўляемся ад яе, наадварот, пошук усё больш і больш займае нашы думкі і дзеянні, пакуль не станем гатовымі пайсці на любыя ахвяры, каб спатоліць яе. Перашкоды і няўдачы не гасяць жаданне, а наадварот: робяць яго мацнейшым”, - сцвердзіў Святы Айцец.

У адрозненні ад мімалётнага парыву ці эмоцыі, жаданне трывае на працягу доўгага часу і схільнае да матэрыялізацыі, - падкрэсліў Святы Айцец, ставячы ў прыклад маладога чалавека, які прагне стаць медыкам: ён павінен прысвяціць шмат гадоў вучобе і практыцы, абмяжоўваючы сябе і кажучы “не” іншым заняткам і забавам. “Аднак, жаданне даць напрамак свайму жыццю і дасягнуць мэты, дазваляе яму пераадолець цяжкасці”, - сказаў Папа, зазначаючы, што каштоўнасць выклікае захапленне і лягчэй дасягаецца, калі яна прыцягальная. “Як сказаў нехта: “цудоўна быць добрым, але важней мець жаданне стаць такім”, - сцвердзіў ён.

Францішак нагадаў, што Езус, перш чым здзейсніць цуд, часта пытаўся ў людзей пра іх жаданні, а часам гэта здавалася недарэчным. Ён паставіў у прыклад гісторыю пра паралізаванага, якога Хрыстус сустрэў ля купальні ў Бэтэздзе. Хворы ляжаў там шмат гадоў і ніяк не мог увайсці ў ваду ў патрэбны час. Езус спытаў яго: “Хочаш стаць здаровым?”, а адказ паралізаванага “адкрывае шэраг дзіўных супраціваў аздараўленню, якія датычаць не толькі яго”. “Пытанне Езуса было запрашэннем зрабіць яснасць у сэрцы, каб ажыццявіць пераход на іншы ўзровень: не думаць пра сябе як пра чалавека, якога павінны пераносіць іншыя. Тым не менш, хворы не здаваўся цалкам перакананым”, - зазначыў Святы Айцец.

“Ведучы дыялог з Панам, мы вучымся разумець тое, чаго па-сапраўднаму жадаем ад нашага жыцця... Часта менавіта жаданне вызначае розніцу паміж паспяховай, паслядоўнай і працяглай задумай і тысячамі амбіцый і добрых намераў, з якіх, як кажуць, “выкладзена дарога ў пекла”. Эпоха, у якую жывём, здаецца спрыяе максімальнай свабодзе выбару, але ў той жа час атрафіруе жаданне, зводзячы яе да мімалётнага парыву. Нас бамбардзіруюць тысячы прапаноў, задум, магчымасцей, якія пагражаюць адцягнуць нашу ўвагу і не дазволіць спакойна ацаніць тое, чаго мы па-сапраўднаму прагнем”, - канстатаваў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што многія людзі пакутуюць, бо не ведаюць, чаго жадаюць ад жыцця; магчыма яны ніколі не ўваходзілі ў кантакт са сваімі самымі глыбокімі жаданнямі. “Адсюль рызыка пражыць жыццё паміж спробамі і выкрутамі рознага кшталту, так і не дасягнуўшы нічога і страціўшы каштоўныя магчымасці. Менавіта таму некаторыя перамены, нават будучы жаданымі ў тэорыі, застаюцца ніколі не рэалізаванымі, калі з’яўляецца такая магчымасць”, - сказаў Папа.

“Калі б Пан звярнуўся сёння да нас з пытаннем, якое Езус задаў сляпому: “Што хочаш, каб Я зрабіў табе?”, што б мы адказалі? Магчыма, мы, нарэшце, папрасілі б Яго дапамагчы дам пазнаць глыбокае жаданне Яго, якое сам Бог змясціў у нашы сэрцы... і даць сілу, каб рэалізаваць яго. Гэта – вялізарная ласка, аснова ўсіх іншых: дазволіць Пану, як у Евангеллі, здзейсніць цуд для нас... Бо таксама і Ён мае вялікае жаданне: зрабіць нас удзельнікамі паўнаты Яго жыцця”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.
 

12 кастрычніка 2022, 11:02

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >