Францішак з удзельнікамі генеральнага капітула Ордэна цыстэрсаў Францішак з удзельнікамі генеральнага капітула Ордэна цыстэрсаў 

Пантыфік цыстэрсам: галоўнае – не даць злу скрасці нашу надзею

Няма камуніі без навяртання, і таму яна абавязкова з’яўляецца плёнам Крыжа Хрыста і дзеяння Духа Святога як у асобных людзях, так і ў супольнасці, - звярнуў увагу Папа, падчас сустрэчы з чальцамі Ордэна цыстэрсаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак заклікаў манахаў, удзельнікаў генеральнага капітула, сузіраць Хрыста: “Яго спосаб дзеянняў, Яго твар, поўны любові і міру, часам абураны перад абліччам крывадушнасці і замкнёнасці, трывожны і засмучаны ў гадзіну мукі”. Рабіць гэта трэба “разам, а не паасобку, у супольнасці”, “кожны ў сваім уласным тэмпе, кожны са сваёй унікальнай і непаўторнай гісторыяй, але разам”.

“Гэта ўключае ў сябе пастаяннае імкненне да навяртання ад закрытага да адкрытага Я, ад сэрца, засяроджанага на сабе, да сэрца, якое выходзіць і ідзе насустрач іншаму”, - заўважыў Папа.

Ён запрасіў Ордэн цыстэрсаў “быць часткай касцёльнай сімфоніі”, падпарадкоўваючыся агульнаму “руху выхаду”. Гаворка ідзе пра “рух разам, дзе ўсё настроена на адзіную душу Касцёла, якой з’яўляецца любоў”.

Францішак заахвоціў удзельнікаў ватыканскай аўдыенцыі, якая праходзіла 17 кастрычніка 2022 года, захоўваць дух беднасці. “Праслаўляйце Бога за ўсё: за старасць і маладосць, за немач і добрае здароўе, “восень” і “вясну” супольнасці. Галоўнае – не даць злу скрасці нашу надзею! Таму што евангельская беднасць заўсёды напоўнена надзеяй, заснаванай на благаслаўленні, якое Пан абвяшчае сваім вучням: “Шчаслівыя ўбогія, бо ваша ёсць Валадарства Божае” (Лк 6, 20)”, - звярнуў увагу цыстэрсаў Святы Айцец.
 

17 кастрычніка 2022, 11:35