Пантыфік місіянерам: спрыяць адказнасці свецкіх за Касцёл
Аляксандр Панчанка – Vatican News
22 кастрычніка 2022 года Францішак прыняў законнікаў на аўдыенцыі, якая прайшла ў кантэксце 100-годдзя з дня заснавання іх кангрэгацыі айцом Францам Пфанэрам з трапісцкага абацтва Марыенхіл у Паўднёвай Афрыцы. Ён пажадаў, каб капітул, які праходзіць у юбілейны год, умацаваў супольнасць у яе асноватворным харызмаце, што спалучае вернасць евангельскім парадам з гарачым жаданнем распаўсюджваць Евангелле сярод народаў і пашыраць Хрыстовае Валадарства святасці, справядлівасці і міру.
Папа адзначыў, што тэма генеральнага капітула – Салідарнасць – пакліканыя мець адну душу і адну мэту – з’яўляецца асабліва актуальнай у сувязі з сінадальным працэсам у Касцёле.
“Мэта гэтага касцёльнага шляху – спрыяць адзінству, удзелу і місіянерскай дзейнасці ўсіх ахрышчаных праз працэс духоўнага распазнавання, сканцэнтраваны на сустрэчы, слуханні і рэфлексіі, каб дасягнуць яшчэ большай адкрытасці на навізну Духа і Яго прапановы. Важнейшым элементам сінадальнага шляху з’яўляецца развіццё большага пачуцця супольнай адказнасці свецкіх вернікаў за жыццё і будучыню Касцёла”, - сказаў ён.
Пантыфік падкрэсліў, што евангелізацыйная дзейнасць Місіянераў з Марыенхіла ад самага пачатку суправаджалася спрыяннем пакліканням сярод аўтахтоннага насельніцтва, каб прасоўваць цэласнае чалавечае развіццё ўнутры мясцовых супольнасцей і развіваць дух супольнай адказнасці за агульнае дабро. У гэтай працы на карысць адзінства і салідарнасці ён заклікаў сваіх гасцей да “пастаяннага душпастырскага навяртання”, якое павінна ахопліваць розныя аспекты жыцця і дзейнасці кангрэгацыі, фармацыю святароў і свецкіх, а таксама планаванне апостальскіх праектаў.
“Калі сінадальнасць, да якой Касцёл пакліканы ў наш час, прадугледжвае сумесны шлях і сумеснае слуханне, безумоўна, што першы голас, да якога мы павінны мець увагу – гэта голас Святога Духа”, - дадаў Пантыфік.
Напрыканцы прамовы Папа спаслаўся на гісторыю ўстанаўлення ватыканскага абеліску на плошчы святога Пятра, які быў уратаваны ад падзення тым, што канаты, якія трымалі яго і празмерна разагрэліся ад трэння, былі своечасова абліты вадой. “Сёння, як заўсёды, патрэбна вада Святога Духа, не толькі для таго, каб мела поспех праца нашых рук, але ў першую чаргу, каб зрабіць больш мяккай цвёрдую глебу нашых сэрцаў”, - сказаў Францішак, заклікаючы місіянераў пазбягасць цвёрдасці і закрытасці сэрцаў, дзейнічаць з любоўю, блізкасцю і лагоднасцю.