Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: мучанікі – самы каштоўны дар Бога Касцёлу

Мучанікі з’яўляюцца дарам Бога для Касцёла, а таксама даюць прыклад таго, што неабходна дапамагаць адзін аднаму ў нясенні крыжа, - зазначыў Францішак.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

14 кастрычніка 2022 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў сальвадорскай агульнанацыянальнай пілігрымкі падзякі за беатыфікацыю Руціліа Грандэ Гарсіі, Мануэля Саларсана, Нэльсана Руціліа Лемуса і Космы Спэсоты. Чатыры езуіты, абвешчаныя благаслаўлёнымі 22 студзеня 2022 года, былі забіты падчас Грамадзянскай вайны ў Сальвадоры.

Францішак нагадаў, што мучанікі з’яўляюцца “бескарыслівым дарам Пана”, самым каштоўным дарам, які Бог мог даць свайму Касцёлу, бо ў іх спаўняецца тая “найбольшая любоў”, якую Бог паказаў нам на крыжы. “Гэта вялізарны дар, як для Касцёла, які пілігрымуе ў Сальвадоры, так і для Паўсюднага Касцёла, а яго значэнне назаўсёды застанецца таямніцай Бога”, - дадаў ён.

Тым не менш Святы Айцец заклікаў разважаць над гэтай таямніцай, заўважаючы, што першым плёнам гібелі сальвадорскіх благаслаўлёных стала аднаўленне адзінства Касцёла. Гэта падкрэсліваў яшчэ ў 1977 годзе святы Оскар Рамэра, заклікаючы вернікаў натхняцца любоўю і жыць верай, якую мелі мучанікі, што дапаможа ў вырашэнні многіх грамадскіх праблем. Папа адзначыў, што гэта пасланне застаецца актуальным да сённяшняга дня.

“У цяперашні час, калі мы пакліканы разважаць над сінадальнасцю Касцёла, мы маем у гэтых мучаніках лепшы прыклад гэтага “сумеснага шляху”...”, - дадаў ён, заклікаючы наследаваць прыклад веры, надзеі і любові, які пакінулі сальвадорскія езуіты, а таксама несці крыж, дапамагаючы адзін аднаму, молячыся за тых, хто перажывае цяжкасці, і дзякуючы Богу за магчымасць ісці разам, як святы верны люд, даючы сведчанне іншым, нягледзячы на нашы слабасці, каб яны адчувалі суцяшэнне ў перыпетыях жыцця.
 

14 кастрычніка 2022, 12:54