Пантыфік пра небяспеку ядзернай вайны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На пачатку Папа падзякаваў усім, хто прыбыў на кананізацыю біскупа Джавані Батыста Скалабрыні і салезіяніна Артэмідэ Дзаці. “Вітаю кардыналаў, біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб, і асабліва місіянераў і місіянерак святога Карла Барамэя і братоў салезіянаў-каад’ютараў. З удзячнасцю вітаю афіцыйныя дэлегацыі”, - сказаў ён.
Святы Айцец спаслаўся на сённяшнюю беатыфікацыю ў італьянскім Фабрыяна Марыі Кастанцы Панас, капуцынкі-кларыскі, якая памерла ў 1963 годзе. “Яна вітала людзей, якія стукаліся ў дзверы кляштара, усяляючы ў кожнага спакой і давер да Божай Міласэрнасці. Прыкаваная да ложка на працягу апошніх трох гадоў, яна ахвяравала свае пакуты за Другі Ватыканскі Сабор, 60-я гадавіна якога адзначаецца паслязаўтра. Няхай благаслаўлёная Марыя Кастанца дапамагае нам заўсёды быць даверлівымі адносна Бога і добрымі да бліжніх”, - сказаў Святы Айцец.
Ён звярнуў увагу на небяспеку ядзернай вайны. “Калі мы гаворым аб адкрыцці Сабора 60 гадоў таму, не можам забывацца пра небяспеку ядзернай вайны, з якой сутыкнуўся свет у той час. Чаму б не павучыцца на гісторыі? Ужо тады былі канфлікты і вялікая напружанасць, але шлях быў мірным”, - сказаў Францішак.
Папа запэўніў у малітве за ахвяр вар'яцкага нападу, які меў месца тры дні таму ў Тайландзе. “З хваляваннем давяраю Айцу ў першую чаргу жыццё малых дзяцей і іх сем’і”, - сказаў ён. 6 кастрычніка 2022 года ў горадзе Нонг Буа Лам Фу на паўночным усходзе Тайланда зламыснік, узброены агнястрэльнай зброяй і нажом, забіў амаль 40 чалавек, у тым ліку 23 дзіцяці.
На заканчэнне Папа звярнуўся з малітоўным заклікам да Дзевы Марыі і папрасіў яе дапамагчы вернікам заставацца “сведкамі Евангелля, ажыўленага ўзорам святых”.