Пантыфік: служэнне мігрантам патрабуе нестандартнага падыходу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
І сёння міграцыя застаецца важным выклікам, звярнуў увагу Францішак 10 кастрычніка 2022 года. Менавіта таму існуе “пільная неабходнасць” паставіць братэрства вышэй за адчужэнне, салідарнасць – за абыякавасць. “Сёння кожны ахрышчаны пакліканы адлюстроўваць позірк Бога на сваіх братоў і сясцёр мігрантаў і бежанцаў”, паводле прыкладу біскупа Скалабрыні, - перакананы Пантыфік.
І ў нашы дні існуе патрэба ў культуры сустрэчы, “роўнай сустрэчы паміж мігрантамі і жыхарамі краіны, якая іх прымае”. Паводле Святога Айца, “вера, надзея і стойкасць мігрантаў могуць быць прыкладам і стымулам для тых, хто хоча ўзяцца за пабудову свету міру і дабрабыту для ўсіх”.
“Для спрыяння братэрству і сацыяльнаму сяброўству, мы ўсе пакліканы быць творчымі, думаць нестандартна. Мы пакліканы адкрываць новыя прасторы, дзе мастацтва, музыка і сумеснае знаходжанне становяцца інструментамі міжкультурнай дынамікі, дзе можна атрымаць асалоду ад багацця сустрэчы разнастайнасці”, - адзначыў Францішак.
Ён заклікаў сваіх гасцей натхняцца прыкладам біскупа Скалабрыні і “быць з мігрантамі, заставацца на іх службе і рабіць гэта з верай, ажыўленай Духам Святым, у перакананні, што ў кожным з іх мы сустракаем Езуса”.