Святы Францішак Асізскі Святы Францішак Асізскі 

Папа: Францішак і праз 800 гадоў застаецца асобай таямнічай

800-годдзе з дня смерці святога Францішка Асізскага не можа стаць проста рытуальным юбілеем; гэта падзея павінна быць звязана з наследаваннем Хрыста і любоўю да бедных, - перакананы Папа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

31 кастрычніка 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі чальцоў каардынацыйнай рады падзеі, якая будзе доўжыцца з 2023 па 2026 гады.

Пантыфік лічыць, што і праз восем стагоддзяў святы Францішак не перастае для нас быць асобай таямнічай. Застаецца нязменным пытанне брата Масэа: "Чаму ўвесь свет ідзе за табой, і кожны чалавек, здаецца, хоча цябе бачыць, чуць і падпарадкоўвацца табе?". Каб знайсці адказ, адзначыў Святы Айцец, неабходна “пайсці ў школу Бедняка з Асізі, знайшоўшы ў яго евангельскім жыцці шлях наследавання Езуса – слухаць, ісці і прапаведаваць да самых перыферый”.

Францішак, слухаючы наказ Хрыста: “ідзі і адрамантуй мой дом”, паставіў сябе на службу Касцёлу, любіў яго і працаваў над тым, каб у ім усё больш і больш адлюстроўвалася Аблічча Хрыста. Ён ніколі не спыняўся на шляху, пешшу перасек незлічоныя мясціны, жадаючы ліквідаваць адлегласць паміж Касцёлам і людзьмі. Такі стыль патрэбны і сёння, лічыць Пантыфік, трэба наблізіцца да людзей, а не замыкацца ў сабе.

Сённяшнім экзістэнцыяльным ускраінам, замкнёнаму і індывідуалістычнаму свету, патрэбна дыханне Духа Святога, перакананы Святы Айцец. Гаворка ідзе пра клопат аб планеце і новую мадэль развіцця.

Папа шчыра спадзяецца, што духоўнае і культурнае падарожжа, звязанае з францішканскай гадавінай, спалучыцца з Юбілеем 2025 года ў Касцёле.
 

31 кастрычніка 2022, 12:48