Святы Джавані Батыста Скалабрыні Святы Джавані Батыста Скалабрыні  

Папа падчас кананізацыі пра ўменне ісці разам і дзякаваць

9 кастрычніка 2022 года Папа заахвоціў удзельнікаў цырымоніі кананізацыі двух італьянцаў: біскупа Джавані Батыста Скалабрыні і салезіяніна Артэмідэ Дзаці, выхоўваць у сабе стаўленне ўдзячнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У гаміліі Францішак падкрэсліў, між іншым, што “выключэнне мігрантаў з’яўляецца чымсьці злачынным”. Гаворачы пра мігрантаў-украінцаў, ахвяр вайны, ён папрасіў маліцца за “змучаную Украіну”.

У сваёй гаміліі Святы Айцец засяродзіў увагу на двух аспектах евангельскага ўрыўка, прызначанага на XXVIII Звычайную нядзелю (Лк 17, 11-19): сумесным хаджэнні і ўдзячнасці.

Спасылаючыся на сцэну з дзесяццю пракажонымі, якія прыйшлі да Езуса з просьбай аб аздараўленні, Святы Айцец падкрэсліў, што хрысціянская вера заўсёды патрабуе ад нас “хаджэння з іншымі”. Яна матывуе выходзіць з нашых абмежаванняў адносна Бога і братоў і сясцёр, ніколі не замыкаючыся ў сабе, прызнаваць тое, што мы маем патрэбу ў аздараўленні і прабачэнні, падзяляем слабасці тых, хто побач з намі, не адчуваючы сябе вышэйшымі за іх.

Францішак адзначыў, што гэта датычыцца і Касцёла, у якім працягваецца сінадальны працэс. “Давайце спытаем сябе, наколькі мы сапраўды адкрытыя і інклюзіўныя як супольнасць адносна ўсіх; ці можам мы, святары і свецкія, супрацоўнічаць у служэнні Евангеллю; ці маем мы гасціннае стаўленне, выражанае не толькі ў словах, але ў канкрэтных жэстах?” - звярнуўся ён.

Падчас канаізацыі
Падчас канаізацыі

“Я баюся, калі бачу, як хрысціянскія супольнасці дзеляць свет на добрых і злых, святых і грэшнікаў: такім чынам мы адчуваем сябе лепшымі за іншых і выдаляем многіх, каго Бог хоча абняць. Калі ласка, давайце заставацца інклюзіўнымі: як у Касцёле, так і ў грамадстве, якое ўсё яшчэ пазначана няроўнасцю і маргіналізацыяй”, - заклікаў Святы Айцец.

Каментуючы сцэну, у якой да Езуса з удзячнасцю вяртаецца толькі самаранін, Папа падкрэсліў важнасць такога жэста, перасцерагаючы ад успрымання ўсяго, што мы атрымліваем, як належнага, не бачачы цудаў Божай працы. Ён адзначыў, што ўдзячнасць вядзе да адкрыцця прысутнасці Бога-Любові і прызнання важнасці іншых людзей, і заахвоціў кожны дзень казаць “дзякуй” Богу, сям’і і людзям, якія падтрымліваюць нас у нашых хрысціянскіх супольнасцях. "Давайце не забываць гэтае ключавое слова: “дзякуй!" - сказаў Пантыфік.

Францішак звярнуў увагу на тое, што два кананізаваныя святыя нагадваюць католікам пра важнасць хады разам і ўмення дзякаваць. “Будзем маліцца, каб гэтыя нашы святыя браты дапамагалі нам ісці разам, без сцен падзелу, і выхоўваць тую важную для Бога высакароднасць, якой з’яўляецца ўдзячнасць”, - сказаў на заканчэнне сваёй гаміліі Папа.
 

09 кастрычніка 2022, 11:51