Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа захапляецца маладымі вернікамі з секулярызаваных краін

“Захапляюся адвагай вашай веры, вашай прыхільнасці і хрысціянскага сведчання ва ўсё больш секулярызаваным грамадстве”, - звярнуўся Папа 10 кастрычніка 2022 года ў Ватыкане да маладых вернікаў з Бельгіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак прызнаўся, што яму “прыемна бачыць маладых людзей, гатовых прысвяціць сябе праектам евангелізацыі і жыць пасланнем Хрыста сярод штодзённых заняткаў”. “Вы не толькі будучыня Касцёла, але перш за ўсё яго сучаснасць; яму патрэбны вы, ваша шчодрасць, ваша радасць, ваша воля будаваць іншы свет, прасякнуты каштоўнасцямі братэрства, міру, згоды”, - дадаў ён.

Святы Айцец лічыць, што сёння патрэбны “трывалыя” адносіны з Хрыстом, паколькі сучасны малады чалавек перажывае не толькі радасць і энтузіязм, але і страх, цяжкасці, раны, канфрантацыю са сваімі межамі, крызісы. “Ён верны сябар, які ніколі не расчароўвае. Сустрэча з Езусам дазваляе па-новаму зірнуць на сітуацыі, знайсці адказы на свае пытанні, адкрыць, што ты здольны браць на сябе адказнасць, ісці наперад у жыцці і ўмацаваць сваю веру праз дыялог аб сваіх перакананнях”, - заўважыў ён.

Папа заклікаў сваіх гасцей не баяцца прыняць сваю слабасць, і рабіць гэта з пакорай. “Не трэба быць супергероямі, варта заставацца шчырымі, праўдзівымі і свабоднымі людзьмі”, - падкрэсліў ён. Канкрэтным чынам гэта можа праяўляцца, паводле Францішка, у блізкасці да тых, “хто жыве ў цяжкіх сітуацыях, да маладых мігрантаў і бежанцаў, да вулічнай моладзі, (...) да тых, хто жыве ў адзіноце і смутку”.

Святы Айцец вельмі прасіў моладзь звяртаць асаблівую ўвагу на парады і сведчанне пажылых людзей, бо “там, дзе моладзь размаўляе са старымі, ёсць будучыня”.

Яшчэ адна важная рэч, асабліва сёння, лічыць Пантыфік, – заставацца міратворцамі і пасламі міру, “каб свет нанова адкрыў прыгажосць любові, сумеснага жыцця, братэрства і салідарнасці”.

“Сутыкнуўшыся з усімі гэтымі праблемамі, вы можаце адчуваць сябе прыгнечанымі, прыніжанымі, раззброенымі і бяссільнымі. Не бойцеся! Будзьце творчымі, праяўляйце фантазію; уздыміце свой позірк, каб супрацьстаяць выклікам жыцця! Напоўненыя ласкай Пана і моцаю Духа Святога, “не чакайце заўтра, каб супрацоўнічаць у пераўтварэнні свету сваёй энергіяй, адвагай і крэатыўнасцю”, - звярнуўся Папа да пілігрымаў з Бельгіі.

Францішак даручыў маладых вернікаў матчынай апецы Багародзіцы і заклікаў іх маліцца на Ружанцы, які назваў “школай малітвы і жыцця”.
 

10 кастрычніка 2022, 11:11