Святы Айцец анансаваў міжрэлігійную малітву за мір ва Украіне
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Паслязаўтра, у аўторак 25 кастрычніка 2022 года, я адпраўлюся ў Калізей, каб памаліцца за мір ва Украіне і ў свеце разам з прадстаўнікамі Цэркваў, хрысціянскіх супольнасцей і сусветных рэлігій, якія сабраліся ў Рыме на сустрэчу пад назвай Вокліч аб міры. Заахвочваю вас далучыцца да гэтай вялікай просьбы да Бога. Малітва – гэта сіла міру. Будзем працягваць маліцца за змучаную Украіну”, - звярнуўся Францішак да сабраных на плошчы святога Пятра.
Ён прызнаўся ў тым, што “з трывогай сочыць за працяглай канфліктнай сітуацыяй у Эфіопіі”, і чарговы раз паўтарыў, “што насілле не ліквідуе рознагалоссі; яно толькі ўзмацняе іх трагічныя наступствы”. Папа звярнуўся да ўсіх тых, хто нясе палітычную адказнасць, заклікаючы іх “спыніць пакуты безабароннага насельніцтва і знайсці справядлівыя рашэнні для трывалага міру ва ўсёй краіне”. “Няхай намаганні бакоў у дыялогу і пошуку агульнага дабра прывядуць да канкрэтнага шляху прымірэння”, - звярнуўся ён. Вернікаў Пантыфік папрасіў маліцца, сведчыць салідарнасць і неабходную гуманітарную дапамогу на карысць Эфіопіі.
Да тых жа жэстаў Францішак запрасіў сабраных на ватыканскай плошчы і ў адносінах да насельніцтва афрыканскіх краін, якія пацярпелі ад разбуральнай паводкі. “Малюся за ахвяр і выказваю сваю блізкасць мільёнам перамешчаных асоб, запрашаючы да больш актыўных сумесных намаганняў па прадухіленні гэтага бедства”, - звярнуўся Папа.