Анёл Панскі: сённяшняму свету патрэбны міратворцы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На пачатку Святы Айцец заўважыў, што чытаны сёння падчас літургіі ўрывак з Евангелля (Мц 5, 1-12), у якім Езус агучвае “восем благаслаўленняў”, гаворыць пра жыццё супрацьлеглае ўсталяваным узорам, жыццё рэвалюцыйнае.
Аналізуючы словы: “Шчаслівыя міратворцы”, Папа падкрэсліў, што мір Езуса – гэта не спакойнае жыццё, а плён учынкаў справядлівасці і міласэрнасці. Гэта не вынік сілы і ўлады, не плён насілля, гэта ніколі не ўзброены мір. Перш за ўсё, трэба раззброіць сэрца, адкрыўшыся на Езуса, Які ёсць наш супакой. І зрабіць гэта трэба перад Яго крыжам, які з’яўляецца кафедрай міру; атрымліваючы ад яго ў споведзі “прабачэнне і супакой”. “Таму што быць міратворцамі, быць святымі – гэта не наша здольнасць, але Яго дар, гэта ласка”, - звярнуў увагу Пантыфік.
Святы Айцец заахвоціў сваіх слухачоў задумацца над іх міратворчымі памкненнямі: “Што мы ўносім туды, дзе жывём, вучымся і працуем: можа напружанне, словы, якія раняць, размовы, якія атручваюць, спрэчкі, якія раз'ядноўваюць? Ці адкрываем мы дарогу да міру: прабачаючы тым, хто нас пакрыўдзіў, клапоцячыся пра адкінутых, вылечваючы несправядлівасць, дапамагаючы тым, хто мае менш?”
Папа запэўніў, што быць міратворцам сёння – гэта не лёс няўдачніка, хоць свету такія людзі і здаюцца недарэчнымі: “насамрэч тыя, хто злоўжывае ўладай, застаюцца з пустымі рукамі, а выйграюць тыя, хто ўсіх любіць і нікога не крыўдзіць”. Такое абяцанне даў Езус.
“Няхай Панна Марыя, Каралева ўсіх святых, дапаможа нам быць будаўнікамі міру ў нашым штодзённым жыцці”, - заахвоціў Францішак перад малітвай Анёл Панскі і апостальскім благаслаўленнем.