Пошук

Анёл Панскі: будаваць дабро кожны дзень

У разважанні перад малітвай Анёл Панскі 13 лістапада 2022 года Францішак заахвоціў вернікаў быць цярплівымі і настойлівымі, каб рабіць дабро.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Пантыфік спаслаўся на ўрывак з Евангелля гэтай нядзелі, які пераносіць нас у іерусалімскую святыню, дзе некаторыя людзі ўсхвалялі прыгажосць грандыёзнага будынка, “упрыгожанага каштоўнымі камянямі” (Лк 21,5). Але Езус адказаў ім: “З таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе зруйнаваны” (Лк 21,6), патлумачыўшы, што з цягам часу амаль усё руйнуецца: прыйдуць войны і хваляванні, землятрусы і голад, мор і ганенні (Лк 21, 9-17). Не варта занадта давяраць зямным рэаліям, якія мінаюць. Гэтыя мудрыя словы, могуць, аднак, выклікаць у нас пачуццё горычы: чаму Гасподзь кажа такія негатыўныя рэчы, калі і без таго многае ідзе не так? - адзначыў Святы Айцец.

На самой справе, Яго намер іншы: даць нам каштоўнае вучэнне аб тым, што выхад з усёй гэтай ненадзейнасці ёсць. На думку Пантыфіка, выхад у слове, якое можа выклікаць у нас здзіўленне. Хрыстос раскрывае яго ў апошняй фразе евангельскага ўрыўка, калі кажа: “Цярпеннем сваім уратуеце душы вашыя” (ЛК 21,19). Цярпенне. Папа звярнуў увагу на тое, што ў італьянскай мове слова цярпенне, настойлівасць (perseveranza) мае адзіны корань са словам строгі (severo). Але з кім быць “вельмі строгім”? З самім сабой? З іншымі? – запытаў Святы Айцец і даў адказ: “Езус просіць быць строгім у тым, што Яму дорага, у тым, што мае значэнне”. Сапраўды важнае, часта не супадае з тым, што нас цікавіць: як тых людзей у храме, часам нас больш цікавяць нашы ўласныя справы, дасягненні, рэлігійныя і грамадскія традыцыі і сімвалы. Гэта важныя рэчы, але яны праходзяць. Замест іх трэба засяродзіцца на тым, што застанецца; будаваць тое, што не будзе зруйнавана, як храм; будаваць на Божым слове, любові, дабры.

Вось, што такое цярпенне, настойлівасць: будаваць дабро кожны дзень, - падкрэсліў Францішак. Асабліва тады, калі навакольная рэчаіснасць падбухторвае нас рабіць нешта іншае, напрыклад, з-за шматлікіх спраў адкладваць малітву, не выконваць правілы, думаць толькі пра тое, каб павесяліцца, замест таго, каб служыць Касцёлу, грамадству, бедным.

Цярпець, настойваць – значыць, на думку Папы, працягваць рабіць дабро. Ён папрасіў слухачоў задаць сабе некалькі пытанняў: “Як у мяне з цярпеннем?” Ці ўласціва мне пастаянства? Ці, можа, я жыву з верай, справядлівасцю і міласэрнасцю толькі ў некаторыя моманты: калі хачу, малюся, калі зручна, паводжу сябе карэктна, а калі незадаволены ці не адчуваю падзякі, то не? Ці залежаць мая малітва і служэнне ад абставін альбо ад цвёрдай веры ў Бога?

З цярпеннем нам няма чаго баяцца, нават сумных і цяжкіх падзей, нават зла, якое мы бачым вакол сябе, – сказаў Святы Айцец, узгадаўшы Дастаеўскага, які ў “Братах Карамазавых” пісаў: “Не бойцеся граху людзей, любіце чалавека і ў граху яго, бо гэта адлюстраванне Божай любові і ёсць вяршыня любові на зямлі”. “Цярпенне – гэта адлюстраванне ў свеце любові Бога, таму што Божая любоў верная, яна ніколі не мяняецца,” - адзначыў Пантыфік.

Напрыканцы свайго разважання Францішак звярнуўся з малітвай да Багародзіцы, просячы яе ўмацоўваць наша пастаянства.

13 лістапада 2022, 12:14

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >