Францішак супраць этыкі, замаскіраванай пад хрысціянства
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Германія мае доўгую рэлігійную гісторыю. (...) Ваша рэлігійная гісторыя вялікая і складаная, гісторыя барацьбы. Я кажу нямецкім католікам: у Германіі ўжо ёсць вялікая і цудоўная Лютэранская Царква; я не хачу іншай, якая не стане такой жа добрай, як гэта; але я хачу, каб быў Каталіцкі Касцёл, які б жыў у братэрстве з Лютэранскай Царквой”, - сказаў Папа 6 лістапада 2022 года вечарам.
Ён адзначыў, што “часам мы губляем рэлігійнае пачуццё народа, святога вернага народа Божага, і ўпадаем у этычныя дыскусіі, выпадковыя дыскусіі, дыскусіі, якія маюць тэалагічныя наступствы, але не з’яўляюцца ядром тэалогіі”.
Пантыфік рэкамендаваў нямецкім католікам, ідучы наперад, “вяртацца да крыніцы натхнення ў каранях”. “Ва ўсіх нас ёсць гісторыя каранёў веры; у народаў яны таксама ёсць: знайдзіце іх!”, - звярнуўся ён.
Францішак перакананы ў тым, што апостальская адвага і выхад на перыферыю, нават на маральную, павінен вынікаць з сустрэчы з Збаўцам. “Калі не будзе сустрэчы з Езусам Хрыстом, гэта будзе этыка, замаскіраваная пад хрысціянства”, - падкрэсліў Папа.