Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: мір у справядлівасці – умова годнага жыцця

Братэрства, мір і развіццё – галоўныя мэты, якіх трэба дасягнуць у актуальным кантэксце, пазначаным войнамі, голадам, пераследам і кліматычнымі зменамі, зазначыў Францішак.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

14 лістапада 2022 года Папа прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Федэрацыі хрысціянскіх міжнародных арганізацый валанцёрскага служэння (FOCSIV), якая аб’ядноўвае каля 90 структур у Італіі і іншых краінах свету. Сустрэча была прымеркавана да 50-годдзя з дня яе заснавання.

Францішак уручыў сваім гасцям тэкст, загадзя падрыхтаванай прамовы, у якой адзначыў, што Федэрацыя робіць каштоўны ўклад у барацьбу з рознымі формамі маргіналізацыі, ахову чалавечай годнасці, абарону правоў чалавека і прасоўванне развіцця грамадства і мясцовых структур, ажыццяўляючы сваю дзейнасць у адпаведнасці з Евангеллем і сацыяльным вучэннем Касцёла.

“Дзякуй за тое, што вы робіце і як вы робіце гэта! Вы з’яўляецеся прыгожым знакам Маці-Касцёла, які спараджае надзею ў свеце, прызвычаенаму да скандалу голаду і войнаў. Ваша сведчанне – гэта канкрэтны адказ тым, хто ўжо не верыць у магчымы мір”, - падкрэсліў Папа.

“Мы прагнем салідарнага свету, у якім кожны адчувае сябе прынятым і не прымушаецца адмаўляцца ад сваёй мары”, - дадаў Пантыфік, нагадваючы пра актуальнасць дэвізу Федэрацыі: “Свет, які трэба будаваць разам, паважаючы стварэнне, у якім кожны чалавек можа рэалізаваць сябе ў поўнай годнасці!”.

“Гэта вельмі своечасовае пасланне ў дадзены гістарычны момант: над лёсам цэлых народаў навісае цень трэцяй сусветнай вайны з жудаснымі наступствамі для людзей. Я маю на ўвазе, у прыватнасці, старых, жанчын і дзяцей. Якую будучыню мы будуем для новых пакаленняў? Гэта пытанне, якое заўсёды павінна суправаджаць рашэнні на міжнародным узроўні”, - заўважыў ён.

Францішак адзначыў, што сёння перад усімі стаяць тры галоўныя мэты. Першая звязана з быццём валанцёрамі ў свеце і прадугледжвае адкрытасць на бліжняга, салідарнасць перад абліччам шматлікіх форм беднасці, каб евангельскае вучэнне пра ўсеагульнае братэрства ў чалавечнасці і любові знаходзіла выйсце ў штодзённасці.

Другая мэта датычыць міру, які сёння паранены ва Украіне і іншых частках свету. “Калі не хапае міру, калі перамагаюць “аргументы” сілы, людзі пакутуюць, сем’і раз’ядноўваюцца, самыя кволыя застаюцца самотнымі. Ужо шмат месяцаў мы бачым карціны разбурэнняў, смерці. Мір у справядлівасці з’яўляецца неабходнай перадумовай для годнага жыцця, каб разам будаваць лепшую будучыню”, - напісаў Папа, заклікаючы сваіх гасцей не проста казаць пра мір, а быць яго сведкамі і будаўнікамі, адкрытымі на дыялог без адчужэння і маніпуляцый.

Трэцяя мэта, якую вылучыў Святы Айцец – развіццё. “Кожнаму чалавеку, кожнаму народу патрэбны асноўныя ўмовы для годнага жыцця разам з мірам, жыллём, аховай здароўя, адукацыяй, працай, дыялогам і ўзаемнай павагай паміж культурамі і веравызнаннямі”, - сцвердзіў Пантыфік, заклікаючы спрыяць цэласнаму развіццю людзей і краін. “Вымушаная міграцыя – ад войнаў, голаду, пераследу або змены клімату – гэта адно з вялікіх няшчасцяў нашай эпохі, з якім мы можам справіцца, толькі забяспечыўшы сапраўднае развіццё кожнай краіне”, - дадаў Папа.
 

14 лістапада 2022, 12:00