Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: у лютым планую наведаць Конга і Паўднёвы Судан

Пантыфік падзяліўся намерам здзейсніць Апостальскае падарожжа на афрыканскі кантынент, адкладзенае некалькі месяцаў таму ў сувязі з праблемамі са здароўем.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

1 лістапада 2022 года Святы Айцец паразмаўляў са студэнтамі з розных афрыканскіх краін у рамках анлайн-сустрэчы Building Bridges Across Africa, арганізаванай Папскай камісіяй па справах Лацінскай Амерыкі і чыкагскім езуіцкім Loyola University.

Адна з удзельніц сустрэчы задала пытанне адносна магчымасці ажыццяўлення Францішкам падарожжа ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан, якое планавалася ў ліпені 2022 года, але было адкладзена ім з прычыны болі ў калене. Пантыфік адзначыў, што хацеў бы наведаць гэтыя краіны на пачатку лютага. Ён нагадаў, што раней лекары не раілі яму здзяйсняць візіт, але цяпер сітуацыя змянілася: “Я ўжо магу хадзіць, з кіем, але магу”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Каментуючы заклапочанасць адной са студэнтак распаўсюджваннем сектаў, харызматычных пяцідзясятніцкіх рухаў і ідэалогіі Евангелля працвітання, Папа адзначыў, што зараз развіваецца пэўнага роду “супермаркет збаўлення”, з “шырокім выбарам рэлігійных прапаноў”. Адным з крытэрыяў адносін да гэтых рэальнасцей ён назваў пытанне свабоды, бо рэлігійныя групы не павінны пазбаўляць яе. “Калі яны забіраюць у цябе свабоду, тады гэта не здаровы шлях”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заклікаў моладзь прыкладаць намаганні на карысць аховы навакольнага асяроддзя і большай сацыяльнай справядлівасці ў сваіх краінах. “Афрыка існуе не для таго, каб яе эксплуатавалі: яна мае сваё багацце, і гэта багацце – чалавечае, яго прадстаўляеце ўсе вы”, - сказаў Папа, асуджаючы палітыку каланіялізму, якая садзейнічала разрабаванню рэсурсаў афрыканскага кантынента. Ён зазначыў, што цяпер падобная сітуацыя назіраецца з вырубкай лясоў у Амазоніі.
 

02 лістапада 2022, 09:52