Францішак: клапаціцца пра клімат і не мірыцца з вайной ва Украіне
Марыя Валодзіна – Vatican News
14 лістапада 2022 года споўніцца першая гадавіна запуску Платформы ініцыятыў Laudato si', якая спрыяе экалагічнаму пераўтварэнню і ладу жыцця. Пасля малітвы Анёл Панскі Францішак падзякаваў тым, хто далучыўся да гэтай ініцыятывы. Гаворка ідзе пра шэсць тысяч удзельнікаў: асобных людзей, сем'яў, асацыяцый, прадпрыемстваў, рэлігійных, культурных і медыцынскіх устаноў.
На думку Пантыфіка, гэта выдатны пачатак сямігадовага шляху, накіраванага на тое, каб адказаць на крык Зямлі і бедных. Ён заклікаў далучацца да гэтай важнай для будучыні чалавецтва місіі, а таксама нагадаў пра канферэнцыю па клімату COP27, якая праходзіць у Егіпце. Францішак выказаў спадзяванне, што з дапамогай мужнасці і рашучасці будуць зроблены крокі наперад на шляху, вызначаным Парыжскім пагадненнем.
Акрамя таго, Папа нагадаў аб сваёй блізкасці да “братоў і сясцёр у змучанай Украіне”. Францішак блізкі да іх у малітве і канкрэтнай салідарнасці. “Мір магчымы!”, - сказаў Святы Айцец, заклікаўшы не змірацца з вайной.