Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: я з болем успрыняў вестку пра ракетны ўдар па Украіне

Святы Айцец асудзіў масавы расійскі ракетны ўдар па Украіне, заклікаючы пазбегнуць эскалацыі, а таксама маліцца аб суцяшэнні, вытрываласці і надзеі для ўкраінскага народа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“З пачуццём болю і трывогі я ўспрыняў паведамленне пра новы, яшчэ больш магутны ракетны ўдар па Украіне, які нанёс велізарны ўрон шматлікім аб’ектам грамадзянскай інфраструктуры. Молімся, каб Пан навярнуў сэрцы тых, хто ўсё яшчэ робіць стаўку на вайну, і каб для змучанай Украіны ўзяла верх прагненне міру, каб прадухіліць любую эскалацыю і адкрыць шлях да спынення вайны і дыялогу”, - сказаў Папа на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў сераду 16 лістапада 2022 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Вітаючы пілігрымаў, Пантыфік яшчэ раз запэўніў у малітве за нявінных ахвяраў тэрарыстычнага нападу, які адбыўся ў гэтыя дні ў Стамбуле. “Няхай наша няспынная малітва ўзносіцца таксама за шматпакутную Украіну: няхай Пан дасць украінцам суцяшэнне, вытрываласць у гэтых выпрабаваннях і надзею на мір”, - сказаў Францішак і дадаў: “Мы можам маліцца за Украіну, кажучы: Паспяшы, Пане!”.
 

16 лістапада 2022, 11:04