Экуменічная сустрэча ў Бахрэйне Экуменічная сустрэча ў Бахрэйне 

Францішак: без адзінства немагчыма быць сведкамі Бога любові

Быць адзінымі ў разнастайнасці і даваць жыццёвае сведчанне, - заклікаў Папа падчас экуменічнай сустрэчы і малітвы за мір, якая прайшла 4 лістапада 2022 года ў касцёле Маці Божай Аравійскай у Авалі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік звярнуўся да прадстаўнікоў розных канфесій, спасылаючыся на апавяданне пра Пяцідзясятніцу з кнігі Дзеяў Апосталаў. Ён заўважыў, што вучні Хрыста, адчувалі сябе з’яднанымі Духам, нягледзячы на тое, што паходзілі з розных рэгіёнаў. Таксама і сёння, нягледзячы на падзелы, якія ўзніклі на працягу гісторыі, “чым больш будзем крочыць згодна з Духам, тым больш будзем жадаць і з Божай дапамагой аднаўляць поўнае адзінства паміж намі”, - запэўніў Папа.

Францішак зазначыў, што вучні былі адзінымі ў разнастайнасці, а Святы Дух сышоў на іх у той момант, калі яны прабывалі разам. “Яны маглі б пакланяцца Богу і чыніць дабро іншым нават паасобку, але менавіта праз стварэнне адзінства расчыняюцца дзверы для Божай справы. Хрысціянскі народ пакліканы да адзінства, каб спаўняліся Божыя цуды”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што ўмацаванню адзінства спрыяе малітва праслаўнення Бога і адарацыя, якая пагружае ў сэрца Нябеснага Айца і злучае з усімі братамі і сёстрамі, прыцягвае радасць Святога Духа, ачышчае сэрца, аднаўляе гармонію, аздараўляе адзінства, з’яўляецца супрацьяддзем ад смутку, сродкам аб адзіноты і тугі па дому. “Яна дазваляе адчуць блізкасць Добрага Пастыра, нават калі абцяжарвае адсутнасць пастыраў побач, што часта здараецца ў гэтых месцах”, - сказаў Францішак, дадаючы, што праслаўленне і адарацыя вядуць да крыніц Духа, вяртаючы да вытокаў, да адзінства.

Іншы аспект, на які звярнуў увагу Францішак, датычыў жыццёвага сведчання. Ён нагадаў, што пасля Пяцідзясятніцы вучні без страху адправіліся ў розныя куткі свету, выпраменьваючы сваім жыццём прыгажосць Божай любові. Папа заклікаў, каб любоў да ўсіх была адметнай рысай хрысціян, як гэта было ў старажытнасці, пра што сведчылі некаторыя аўтары.

“Нам таксама будзе карысна спытаць сябе аб нашым сведчанні, таму што з цягам часу мы можам пачаць ісці па інерцыі і аслабнуць у дэманстраванні Езуса праз дух благаслаўленняў, паслядоўнасць і дабрыню жыцця, мірныя паводзіны. Спытаем сябе цяпер, калі разам молімся за мір: ці сапраўды мы людзі міру? Ці жыве ў нас жаданне ўсюды сведчыць лагоднасць Езуса, не чакаючы нічога ўзамен? Ці бярэм на сябе цяжкасці, раны і падзелы, якія бачым вакол сябе, носячы іх у сэрцах і ў малітве?”, - прапанаваў задумацца Святы Айцец.

“Адзінства і сведчанне аднолькава важныя: мы не можам быць сапраўднымі сведкамі Бога любові, калі не з’яднаныя паміж сабой, як жадае Ён; і нельга аб’яднацца, застаючыся кожны сам па сабе, не адкрываючыся на сведчанне, не пашыраючы межаў нашых інтарэсаў і нашых супольнасцей у імя Духа, які ахоплівае кожную мову і жадае дайсці да кожнага. Ён яднае і пасылае, збірае ў адзінстве і адпраўляе на місію. Даверым Яму наш супольны шлях у малітве і папросім Яго спаслаць на нас адноўленую Пяцідзясятніцу, якая дасць нам новыя погляды і хуткія крокі на нашым шляху еднасці і міру”, - завяршыў сваю прамову Пантыфік.
 

04 лістапада 2022, 11:04