Папа падчас сустрэчы з духавенствам у Бахрэйне Папа падчас сустрэчы з духавенствам у Бахрэйне 

Папа духавенству Бахрэйна: нясіце радасць, адзінства і прароцтва

Пра пакліканне духавенства і кансэкраваных асоб да радасці, адзінства і прароцтва нагадаў Святы Айцец на заканчэнне свайго Апостальскага падарожжа ў Бахрэйн.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

6 лістапада 2022 года ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца ў Манаме прайшла сустрэча Папы з біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і душпастырскімі работнікамі. У сваёй прамове ён звярнуў увагу на “каталіцкасць” мясцовага Касцёла, прадстаўленага людзьмі розных нацыянальнасцей, якія вызнаюць адзіную веру ў Хрыста. Францішак выказаў сваю блізкасць народу Лівана, а таксама заклікаў маліцца аб міры ў Эфіопіі і шматпакутнай Украіне.

Святы Айцец заўважыў, што значную частку Бахрэйна займае пустыня, і тым не менш тут ёсць крыніцы прэснай вады, якая бясшумна цячэ пад зямлёй, арашаючы яе. “Гэта прыгожы вобраз таго, кім з’яўляецеся вы, і, перш за ўсё, таго, што вера робіць у жыцці: на паверхні паўстае наша чалавечнасць, якая стала неадчувальнай з-за шматлікіх слабасцей, страхаў, выклікаў, з якімі ёй даводзіцца сутыкацца, рознага роду асабістых і сацыяльных заган; але глыбока, у глыбіні нашых сэрцаў, спакойна і ціха цячэ салодкая вада Духа, арашаючы нашы пустыні, вяртаючы жыццёвую сілу таму, што рызыкуе засохнуць, змываючы тое, што нас знявечвае, задавальняючы нашу прагу шчасця. І гэта заўсёды абнаўляе жыццё. Гэта менавіта тая жывая вада, пра якую кажа Езус, менавіта гэта крыніца новага жыцця, якое Ён абяцае нам: дар Святога Духа, пяшчотная, любячая і адраджаючая прысутнасць Бога ў нас”, - сказаў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што Касцёл нарадзіўся з прабітага боку Хрыста, адкуль выцекла вада новага жыцця, ажыўляльная вада Святога Духа, якая робіць нас умілаванымі дзецьмі Бога і братамі паміж сабой. У сувязі з гэтым Папа прапанаваў паразважаць над трыма вялікімі дарамі, якія Святы Дух дае нам, просячы прыняць іх і жыць імі: радасць, адзінства і прароцтва.

У першую чаргу Святы Дух – крыніца радасці, якая грунтуецца на ўпэўненасці ў тым, што мы ніколі не бываем самотнымі на нашым жыццёвым шляху: “гэта радасць, якая нараджаецца ў адносінах з Богам, ад ведання таго, што нават у цяжкасцях і цёмных начах, праз якія часам праходзім, мы не самотныя, згубленыя і пераможаныя, бо Ён – разам з намі. А з Ім мы можам перажыць і пераадолець усё, нават бездані болю і смерці”.

Пантыфік заклікаў захоўваць і памнажаць гэту радасць, лепшым спосабам для чаго з’яўляецца дзяленне ёй. “Вельмі важна, каб у хрысціянскіх супольнасцях не было недахопу ў радасці і дзяленні ёй з іншымі; каб мы не абмяжоўваліся паўтарэннем жэстаў па звычцы, без энтузіязму, без крэатыўнасці. Важна, каб акрамя літургіі, асабліва цэлебрацыі святой Імшы, якая з’яўляецца крыніцай і вяршыняй хрысціянскага жыцця (пар. Sacrosanctum Concilium, 10), мы таксама распаўсюджвалі радасць Евангелля праз дынамічную душпастырскую дзейнасць, асабліва ў дачыненні да моладзі, сем’яў і пакліканых да святарскага і законнага жыцця. Хрысціянскую радасць нельга трымаць у сабе, і калі мы яе распаўсюджваем, яна пачынае памнажацца”, - сцвердзіў Папа.

Францішак нагадаў, што Святы Дух з’яўляецца таксама крыніцай адзінства: тыя, хто прымае Яго, атрымліваюць любоў Айца і становяцца Яго дзецьмі, і таму, таксама братамі і сёстрамі. У адзінстве няма месца эгаізму, сваркам, пляткарству і падзелам. Агонь Духа спальвае мірскія жаданні і асвячае наша жыццё той сяброўскай і спагадлівай любоўю, якой Езус любіць нас, каб і мы маглі такім чынам любіць адзін аднаго, - дадаў ён, падкрэсліваючы, што “адзінства хрысціянскай супольнасці – гэта першае сведчанне, якое мы можам даць свету”. “Давайце імкнуцца быць захавальнікамі і будаўнікамі адзінства!”, - заклікаў Пантыфік.

Нарэшце, Святы Дух з’яўляецца крыніцай прароцтва. “Прарокі атрымліваюць унутранае святло ад Святога Духа, якое робіць іх уважлівымі інтэрпрэтатарамі рэчаіснасці, здольнымі спасцігаць, часам на незразумелых паваротах гісторыі, прысутнасць Бога і ўказваць на Яго людзям”, - сказаў Папа, нагадваючы, што часта словы прарокаў бываюць жорсткімі, бо яны “называюць па імені злыя намеры, якія тояцца ў сэрцах людзей, раскрываюць фальшывыя чалавечыя і рэлігійныя перакананні, заклікаюць да навяртання”.

“Мы таксама маем гэтае прарочае пакліканне: усе ахрышчаныя атрымалі Духа і сталі прарокамі”, - падкрэсліў Францішак. Ён заўважыў, што мы не можам рабіць выгляд, што не бачым учынкаў зла, не можам стаяць у баку, баючыся запэцкаць рукі. Наадварот, мы атрымалі Духа прароцтва, каб сваім сведчаннем жыцця несці людзям Евангелле. “Прароцтва робіць нас здольнымі жыць евангельскімі благаслаўленнямі ў нашай штодзённасці і з рашучай лагоднасцю будаваць Божае Валадарства, у якім любоў, справядлівасць і мір супрацьстаяць усім формам эгаізму, насілля і прыніжэння”, - сказаў Святы Айцец.

Напрыканцы сваёй прамовы Папа падзякаваў дзяржаўным і касцёльным уладам Бахрэйна за гасціннасць, заклікаў працягваць духоўны шлях з пастаянствам і радасцю і даручыў усіх заступніцтву Маці Божай Аравійскай.
 

06 лістапада 2022, 09:50