Пантыфік: ідэя Дэкларацыі аб братэрстве ўзнікла пры ламанні хлеба
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Падчас зваротнага рэйсу з Бахрэйна ў Рым, 6 лістапада 2022 года вечарам, Пантыфік паведаміў журналістам, якія суправаджалі яго, што падчас аднаго з візітаў у Ватыкан Вялікага імама Аль-Азхара Ахмада Аль-Таеба з Каіра ён спантанна запрасіў свайго госця на абед. Менавіта тады, падчас ламання хлеба, узнікла ідэя сфармуляваць дакумент аб братэрскіх адносінах паміж мусульманамі і хрысціянамі. Пасля абмеркаванняў і даследаванняў ён быў падпісаны Папам і Вялікім імамам у Абу-Дабі ў лютым 2019 года.
Францішак прызнаўся, што быў глыбока ўражаны нядаўнімі заявамі Аль-Таеба ў Бахрэйне аб магчымым прымірэнні паміж сунітамі і шыітамі. У гэтым кантэксце ён нагадаў пра “ганебную гісторыю” рэлігійных канфліктаў і войнаў у хрысціянстве. “На шчасце, мы гэта пераадолелі”, - сказаў Святы Айцец.
Пантыфік паведаміў таксама, што пасля завяршэння яго чатырохдзённага візіту ў Бахрэйн, Дзяржсакратар Яго Святасці, кардынал П’етра Паралін, і Вялікі імам Аль-Таеб разам адправіліся ў Каір. Францішак аднак не раскрыў прычыны гэтай паездкі.