Папа выступае на Бахрэйнскім форуме Папа выступае на Бахрэйнскім форуме 

Папа: патрэбна малітва, адукацыя і дзеянні на карысць міру

Неабходна асуджаць і ізаляваць людзей гвалту, якія злоўжываюць імем рэлігіі, - адзначыў Пантыфік, заклікаючы рэлігійных лідараў да малітвы, прасоўвання адукацыі і канкрэтных дзеянняў на карысць міру.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

4 лістапада 2022 года Папа звярнуўся з прамовай да ўдзельнікаў Бахрэйнскага форуму на карысць дыялогу: Усход і Захад за чалавечае суіснаванне (Bahrain Forum for Dialogue: East and West for Human Coexistence). Удзел у гэтай міжрэлігійнай сустрэчы ў горадзе Авалі ў Бахрэйне быў адной з галоўных мэтаў яго падарожжа на Аравійскі паўвостраў.

Францішак нагадаў, што геаграфія Бахрэйна сімвалізуе адзінства, бо краіна з’яўляецца архіпелагам, шматлікія выспы якога аб’яднаны морам. Менавіта з’яднаным Бог хоча бачыць усё чалавецтва, але сёння “выяўляецца парадокс: у той час як большасць насельніцтва планеты аб’яднана тымі самымі цяжкасцямі, пакутуе ад сур’ёзных харчовых, экалагічных і пандэмічных крызісаў, а таксама ад усё больш абуральнай планетарнай несправядлівасці, некалькі магутных гэтага свету засяродзіліся на лютай барацьбе за прыватныя інтарэсы, адраджаючы састарэлы лексікон, перакройваючы сферы ўплыву і блокі, якія супрацьстаяць адзін аднаму”.

“Такім чынам, здаецца, што мы назіраем драматычны інфантыльны сцэнар: у садзе чалавецтва, замест таго, каб клапаціцца пра цэлае, гуляюць з агнём, з ракетамі і бомбамі, са зброяй, што выклікаюць слёзы і смерць, пакрываючы агульны дом попелам і нянавісцю”, - зазначыў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што ўсё гэта горкія наступствы навязвання “уласных дэспатычных, імперыялістычных, нацыяналістычных і папулісцкіх мадэляў і візій”, наступства адсутнасці цікавасці да культуры іншых, увагі да воклічу простых людзей і голасу бедных, маніхейскага дзялення на добрых і дрэнных, узаемнага неразумення і недахопу супрацоўніцтва дзеля дабра ўсіх. 

Францішак заклікаў да сумесных дзеянняў, каб пераадолець супрацьстаянне паміж Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем, а таксама не забываць пра “схаваныя праблемы чалавецтва”: катастрофу няроўнасці, беспрэцэдэнтную несправядлівасць, ганебнае бедства голаду і няшчасце кліматычных змен, якія з’яўляюцца знакам недахопу клопату пра супольны дом. Пантыфік звярнуўся да рэлігійных лідараў, падкрэсліваючы, што яны павінны быць прыкладам, дапамагаючы зарыентавацца ўзаемазвязанаму і, адначасова, моцна падзеленаму чалавецтву.

Святы Айцец вызначыў тры галоўныя напрамкі такой дапамогі: першы з іх – гэта малітва, якая закранае чалавечае сэрца, бо “разлад, ад якога пакутуе сучасны свет, звязаны з больш глыбокім разладам, які караніцца ў сэрцы чалавека” (Gaudium et spes, 10). “Найбольшая небяспека палягае не ў рэчах, не ў матэрыяльным, не ў арганізацыях, але ў чалавечай схільнасці замыкацца ў іманентнасці свайго эга, сваёй групы, сваіх дробных інтарэсаў”, - сказаў Папа, дадаючы, што гэта загана сягае каранямі да вытокаў чалавецтва, але з Божай дапамогай яе можна выправіць.

“Вось чаму малітва, якая адкрывае сэрца на Найвышэйшага, неабходная, каб ачысціцца ад эгаізму, замкнёнасці, самаапраўдання, хлусні і несправядлівасці”, - падкрэсліў Пантыфік, адзначаючы важнасць свабоды веравызнання, бо “ніводная форма рэлігійнага прымусу на можа прывесці чалавека да грунтоўных адносін з Богам”.

Іншы напрамак, які вылучыў Святы Айцец, датычыць адукацыі – розуму чалавека, бо там, дзе не хапае магчымасцей для адукацыі, расце экстрэмізм і ўкараняецца фундаменталізм. Неадукаванасць – вораг міру, а адукаванасць – сяброўка развіцця, - зазначыў Папа. Адукацыя павінна быць годнай чалавека, адкрытай на выклікі і адчувальнай да культурных змен, уважлівай да гісторыі і культуры іншых. “Недастаткова толькі заяўляць пра талерантнасць: неабходна па-сапраўднаму вызваліць месца для іншага, даць яму правы і магчымасці. Такі лад мыслення пачынаецца з адукацыі, а рэлігіі пакліканы яго падтрымліваць”, - сцвердзіў ён.

Трэцім аспектам Папа назваў канкрэтныя дзеянні. “Калі чалавек прапаведуе нянавісць, насілле і канфлікты, ён абражае імя Бога”, таму рэлігійная асоба “кажа рашучае “не” святатацтву вайны і насілля”, паслядоўна ператвараючы гэту нязгоду ў жыццё.

“Недастаткова заяўляць пра мірны характар рэлігіі, неабходна асуджаць і ізаляваць людзей гвалту, якія злоўжываюць яе імем. Недастаткова дыстанцыравацца ад нецярпімасці і экстрэмізму, трэба дзейнічаць адпаведна”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы спыніць падтрымку тэрарыстычных рухаў шляхам фінансавання, забеспячэння зброяй і стратэгіяй, а таксама ўсялякія спробы апраўдаць гэтыя рухі, у тым ліку пра СМІ.

Святы Айцец адзначыў, што рэлігійны, мірны чалавек выступае супраць гонкі ўзбраенняў, бізнесу вайны, рынку смерці, выбіраючы братэрства, дыялог і мір. Ён заклікаў удзельнікаў бахрэйнскага форума прасоўваць канкрэтныя ініцыятывы, каб шлях вялікіх рэлігій станавіўся ўсё больш дзейсным і пастаянным, будучы сумленнем для ўсёй зямлі”. “Няхай наша пакланенне Богу адпавядае нашай канкрэтнай і братэрскай любові да бліжняга, каб мы разам былі прарокамі суіснавання, рамеснікамі адзінства, будаўнікамі міру”, - пажадаў Францішак.
 

04 лістапада 2022, 10:01