Гістарычны цэнтр Асці. Ілюстрацыйнае фота Гістарычны цэнтр Асці. Ілюстрацыйнае фота 

Папа перад візітам у Асці: даўно хацеў наведаць родныя мясціны

Пра блізкасць са сваякамі, п’емонцкі дыялект і любімыя стравы Францішак распавёў у інтэрв’ю выданню La Stampa напярэдадні візіту на радзіму сваіх продкаў – у паўночнаітальянскі горад Асці.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Я даўно хацеў правесці некалькі гадзін з роднымі ў родных мясцінах. Да таго, як стаць Папам, я часта бываў у раёне Асці – гэта была мая звычка – калі прыязджаў у Рым як правінцыял езуітаў Аргентыны або як арцыбіскуп для ўдзелу ў нейкім Сінодзе. Пры кожнай нагодзе я заязджаў у П’емонт да стрыечных братоў майго бацькі. Мы вельмі блізкія. Са старэйшай стрыечнай сястрой Карлай мы часта размаўляем па тэлефоне. Заўтра мы таксама сустрэнемся яшчэ з пяццю стрыечнымі братамі, і гэта напаўняе мяне радасцю”, - прызнаўся Папа.

Францішак распавёў, што яго роднай мовай з’яўляецца п’емонцкі дыялект, які ён чуў з маленства. На ім размаўлялі яго бабуля і дзялуля, з якімі Папа праводзіў з шмат часу ў дзяцінстве. Ён дагэтуль ведае на памяць вершы, якім яго навучыла бабуля.

Пантыфік заўважыў, што карані маюць вельмі важнае значэнне з культурнага і сямейнага пункту гледжання. Ён нагадаў, што заўсёды раіць моладзі часцей камунікаваць з пажылымі людзьмі, каб захоўваць карані моцнымі, а таксама, каб знайсці натхненне. “Калі дрэва аддзяляецца ад каранёў, яно высыхае, памірае. Фундаментальна важна захоўваць жывымі адносіны з каранямі для нашага культурнага і сацыяльнага развіцця, а таксама для нашага развіцця асабістага”, - дадаў ён.

Папа назваў сваёй любімай п’емонцкай стравай бан’я каўду – гарачы соус з часныку і анчоўсаў, а таксама распавёў, што яго сям’я займалася вырошчваннем вінаграду і вытворчасцю віна, а дзядзькі ўмелі на смак адрозніваць адзін сорт ад іншага. Гаворачы пра ежу, Францішак скарыстаўся магчымасцю, каб скіраваць заклік ніколі не забываць пра мільёны дзяцей і дарослых, якія паміраюць ад голаду, не заставацца абыякавымі да гэтай праблемы і не марнаваць ежу, навучаючы гэтаму дзяцей ад самага маленства. Голад у свеце Пантыфік назваў скандалам і злачынствам.
 

18 лістапада 2022, 11:56