Папа пра злоўжыванні духавенства: воля Касцёла – ўсё высветліць
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
6 лістапада 2022 года вечарам Францішак звярнуў увагу на той факт, што злоўжыванні існавалі заўсёды, не толькі ў Касцёле. “Вы ведаеце, што 42-46 працэнтаў выпадкаў сексуальнага гвалту адбываецца ў сям'і або па суседстве. Гэта вельмі сур'ёзна, але заўсёды была звычка пакрываць, у сям'і і сёння ўсё пакрываецца, і нават па суседстве пакрываецца ўсё ці, прынамсі, большасць спраў”, - адзначыў ён.
Але гэта не апраўдвае тых людзей, якія працуюць у Касцёле. “Калі б гэта быў толькі адзінкавы выпадак, усё роўна было б трагічна, таму што ты, святар, маеш пакліканне да таго, каб чалавек развіваўся, а такія паводзіны, наадварот, знішчаюць яго. Для святара злоўжыванне – гэта як супрацьдзеянне яго ўласнай святарскай натуры, сваёй сацыяльнай натуры, таму гэта трагічна, і мы не павінны спыняцца”, - падкрэсліў Папа.
“Мы працуем з усіх сіл, але ведайце, што ў Касцёле ёсць людзі, якія не бачаць ясна, якія гэтага не падзяляюць... Гаворка ідзе пра працэс, які мы вядзём і рэалізуем адважна, і не ўсе маюць адвагу. Часам ёсць спакуса пайсці на кампраміс, бо ўсе мы нявольнікі сваіх грахоў, але воля Касцёла – ўсё высветліць”, - запэўніў Святы Айцец.