Папа: сузіральныя кляштары па-мацярынску падтрымліваюць Касцёл
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Сузіральныя кляштары, сваім малітоўным маўчаннем і схаванай ахвярнасцю па-мацярынску падтрымліваюць жыццё Касцёла”, - напісаў Папа, дапоўніўшы свой твіт хэштэгам #ProOrantibus.
21 лістапада, ў літургічны ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі, у Касцёле асаблівым чынам узгадваюцца манахіні і манахі, якія жывуць у закрытых кляштарах. Дзень Pro Orantibus, прысвечаны падтрымцы сузіральнага манаства, быў заснаваны Піем XII у 1953 годзе з увагай на цяжкае становішча, у якім апынуліся кантэмпляцыйныя каталіцкія ордэны пасля Другой сусветнай вайны.
Касцёл на працягу стагоддзяў указваў на Багародзіцу як на найвышэйшы прыклад сузіральнага жыцця, - нагадваў Францішак у Апостальскай канстытуцыі Vultum Dei quaerere (Пошук Божага аблічча), заклікаючы кляўзуровых манахінь быць “маякамі і факеламі”, якія суправаджаюць шлях чалавецтва і накіроўваюць яго да Хрыста, “дарогі, праўды і жыцця”.
З нагоды Дня Pro Orantibus Дыкастэрыя па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця разам з Сакратарыятам па падтрымцы манахінь запланавалі дзве падзеі. 26 лістапада яны правядуць анлайн-сустрэчу аб жаночым сузіральным манастве, падчас якой паразважаюць над дакументамі Vultum Dei quaerere і Сor Orans, а 27 лістапада – літургію ў базыліцы святога Анзэльма на Авенціне ў Рыме. Эўхарыстычную цэлебрацыю ўзначаліць сакратар ватыканскага ведамства, арцыбіскуп Хасэ Радрыгем Карбальё. Яна будзе трансліравацца ў прамым эфіры на першым канале італьянскага грамадскага тэлебачання Rai1.