Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: камунікацыя павінна быць двухбаковай

У вашым служэнні вы павінны не толькі даваць інфармацыю, але і слухаць, як на яе рэагуюць людзі, - звярнуў увагу Пантыфік падчас сустрэчы з супрацоўнікамі ватыканскіх СМІ.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

12 лістапада 2022 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Клементыйскай зале Апостальскага палацу Ватыкана кіраўніцтва, членаў, дарадцаў і супрацоўнікаў Дыкастэрыі па камунікацыі. Сустрэча адбылася ў рамках пленарнай сесіі гэтага ватыканскага ведамства. Францішак уручыў сваім гасцям тэкст прамовы, якую падрыхтаваў загадзя, і падзяліўся з імі некаторымі думкамі пра выклікі ў сферы камунікацыі Святога Пасаду.

Звяртаючыся да ватыканскіх журналістаў, Пантыфік падкрэсліў, што добрая камунікацыя павінна быць двухбаковай. Неабходна не толькі перадаваць пасланне, але і прымаць зваротную сувязь. “У гэтым трэба ўзрастаць. Толькі папугаі маюць аднабаковыя зносіны, без зваротнай сувязі, таму што яны заўсёды гавораць адно і тое ж, і не турбуюцца пра рэха, пра тое, што кажуць з іншага боку”, - адзначыў Папа.

Францішак параіў журналістам перайсці ад “філасофіі прамоўцаў” да “тэлефоннай філасофіі”: гэта значыць быць уважлівымі да таго, які водгук знаходзіць пасланне, якое перадаецца, быць адкрытымі на слуханне і дыялог. “Не можа быць камунікацыі без дыялогу і без руху”, - сказаў ён.

Пантыфік зазначыў, што такая камунікацыя заўсёды звязана з рызыкай, але лепш рызыкаваць, чым камунікаваць “па інерцыі”. “Заўсёды сядзець на адным і тым жа, гаварыць што-небудзь, паведамляць навіны, а потым маўчаць. Не! Трэба слухаць як успрымаецца паведамленне і якую рэакцыю яно выклікае”, - заахвоціў Святы Айцец.

Францішак высока ацаніў ініцыятыву выдання L’Osservatore Romano па стварэнні штомесячнага дадатку ў фармаце вулічнай газеты, у якой распавядаюцца гісторыі, думкі, меркаванні маргіналізаваных людзей, адчужаных, мігрантаў.

Пантыфік адзначыў, што ватыканская камунікацыя павінна шукаць чалавека, несці хрысціянскія каштоўнасці, вучыць камунікацыі з Богам, для чаго не дастаткова толькі карыстацца сучаснымі тэхналогіямі, але неабходна, каб камунікацыя была чалавечнай, несла чалавечае цяпло. “Дзякуй за ўсё, сапраўды, дзякуй! Я рады і заклікаю вас ісці наперад, рызыкуйце, не бойся! Рызыкуйце, каб сустракаць іншых у камунікацыі”, - заахвоціў ватыканскіх журналістаў Святы Айцец.
 

14 лістапада 2022, 09:51